Хроніка перасьледу 30 красавіка: былога актывіста «Маладога фронту» Яўгена Скачко зьняволілі на 3 гады

Віцебскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Былога актывіста «Маладога фронту» з Гомля асудзілі да трох гадоў калёніі

Як паведамляе @christianvision, Яўгена Скачко з Гомля абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці», «паклёпе» і «абразе» Лукашэнкі, а таксама «дыскрэдытацыі Беларусі» і асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Вядома, што цяпер Яўген знаходзіцца ў СІЗА-3 у Гомелі.

Яўген Скачко — праваслаўны вернік з Гомля, юрыст, прадпрымальнік, шматдзетны бацька. У мінулым ён быў адным з лідэраў арганізацыі «Малады Фронт» і актыўным удзельнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, аднак зь сярэдзіны 2000-х гадоў адышоў ад палітыкі. Пазьней займаўся будаўніцтвам храмаў і аказваў юрыдычную дапамогу людзям.

Выкладчыка зь Віцебска асудзілі за абразу Лукашэнкі

У Віцебскім абласным судзе вынесьлі вырак Дзянісу Голубеву, дацэнту Віцебскага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту, якога абвінавачвалі ў «абразе Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368) і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса). Выкладчыку прысудзілі хімію з накіраваньнем альбо калёнію, паведамляе «Наша ніва».

Дзянісу Голубеву 51 год, ён скончыў Віцебскую дзяржаўную акадэмію вэтэрынарнай мэдыцыны, у 2003 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 10 асуджаных

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што прызналі палітвязьнямі Максіма Сямітку, Сьвятлану Ангелейка, Яўгена Федасенка, Віктара Кізевіча, Аляксандра Конанава, Аляксея Кузаваткіна, Уладзімер Целяпуна, Натальлю Ўласаву, Віктара Жданюка і Віталя Лухверчыка.

Цяпер у сьпісе палітвязьняў, які вядзе «Вясна» супольна зь іншымі праваабаронцамі, — 841 палітвязень.

Яшчэ адна праваабарончая ініцыятыва dissidentby, якая вядзе свой сьпіс, прызнала палітвязьнямі 921 незаконна асуджаных у Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чым будзе адметны трэці Кангрэс па палітычных зьняволеных Беларусі

Улады зноў дапоўнілі сьпіс так званых «экстрэмістаў»

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дапоўніла пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай дзейнасьці» яшчэ 35 прозьвішчаў, зь іх 32 асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму» паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Цяпер у ім 6578 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Прэзыдэнт Літвы пра гандаль Лукашэнкі палітвязьнямі: «Гэта замкнёнае і вельмі заганнае кола»

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».