Як паведамляе Белстат, прырост базавага індэкса спажывецкіх цэн за першы квартал 2026 года склаў 1,6%. Але некаторыя тавары падаражэлі значна больш, чым узрос індэкс інфляцыі.
Як паведамляе Белстат па выніках працы эканомікі ў першым квартале 2026 году,
- цана ялавічыны за тры месяцы ўзрасла на 3,2%,
- марожанай рыбы — на 5,5%,
- селядца — на 2,3%,
- мукі — на 1,9%,
- таматаў — на 33,7%,
- тытунёвых вырабаў — на 9,8%,
- абутку — на 3,1%,
- ювэлірных вырабаў — на 8,3%.
- Гарадзкія перавозкі падаражэлі на 16,4%, а прыгарадныя — на 25,9%.
Як раней паведаміў Белстат, прырост цэн за тры сёлетнія месяцы склаў 1,6%.
Летась прырост цэнаў за тры месяцы склаў 2,8%. Тады інфляцыя падскочыла за кошт росту цэнаў на паслугі, які склаў 4,5%. Сёлета падвышэньне тарыфаў на камунальныя паслугі адклалі. Новыя тарыфы пачалі дзейнічаць не з студзеня, а з 1 сакавіка.
Паводле прагнозаў ураду, інфляцыя ў 2026 годзе мае быць не вышэйшай за 7%.
Раней улады прызналі, што інфляцыя ў Беларусі ў 2025 годзе перавысіла паказьнік, заплянаваны ўрадам. Інфляцыя за 2025 год, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, такія зьвесткі 13 студзеня апублікаваў Белстат. Прагноз сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, ухвалены ўрадам на 2025 год, прадугледжваў, што інфляцыя не павінна перавысіць 5 працэнтаў.
Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) раней падаў макраэканамічны прагноз на 2026–2028 гады: прырост ВУП у Беларусі мае скласьці 1,8%.
«Стрымальным фактарам застаецца зьніжэньне попыту на беларускую прадукцыю праз запаволеньне эканомікі ключавога гандлёвага партнэра — Расеі. Пры гэтым высокія інвэстыцыйная і спажывецкая актыўнасьць падтрымліваюць рост эканомікі», — пішуць аналітыкі.
Яны мяркуюць, што інфляцыя ў Беларусі будзе знаходзіцца каля адзнакі 7%. Яе паскорыць імпарт ціску цэнаў з Расеі і дэфіцыт працоўных рэсурсаў.