Пачнуць дзейнічаць новыя санкцыі Эўрапейскага Зьвязу
Пад забарону ў межах новага пакету санкцыяў трапяць паслугі, зьвязаныя з турыстычнай дзейнасьцю ў Беларусі, апэрацыямі з крыптавалютамі, уключаючы абмен, і лічбавым беларускім рублём. Гэта вынікае з рашэньня Рады ЭЗ, апублікаванага 23 красавіка 2026 году ў „Афіцыйным часопісе Эўрапейскага Зьвязу“.
Яшчэ адным рашэньнем пашыраны сьпіс кампаніяў, на якія накладзеныя індывідуальныя санкцыі.
Якія турыстычныя паслугі трапяць пад забарону
Будзе забаронена надаваць паслугі, беспасярэдне зьвязаныя з турыстычнай дзейнасьцю ў Беларусі: паслугі турыстычных агенцтваў і турапэратараў, уключаючы паслугі, якія надаюць турыстычныя агенцтвы і турапэратары, а таксама аналягічныя паслугі; паслугі інфармаваньня аб падарожжах, кансультаваньня і плянаваньня; паслугі, зьвязаныя з арганізацыяй тураў, разьмяшчэньня, перавозкай пасажыраў і багажу; паслугі выдачы білетаў; паслугі турыстычных гідаў; рэклямныя паслугі, зьвязаныя з вышэйпералічанымі сэрвісамі.
Санкцыі пачнуць дзейнічаць з 24 траўня
Пацярпяць апэратары крыптаплятформаў і крыптабіржаў зь Беларусі
З 24 траўня будзе забаронена ўдзельнічаць у якіх-хаця ўгодах з створанай у Беларусі юрыдычнай асобай, арганізацыяй ці органам, які надае паслугі ў галіне крыптаактываў, або плятформай, якая дазваляе абмен ці перавод крыптаактываў.
Пад скасаваньне трапляе і падтрымка разьвіцьця лічбавага беларускага рубля, зь якім забароняць зьдзяйсьняць якія-хаця апэрацыі.
Новыя кампаніі зь Беларусі, якія трапілі пад санкцыі Эўразьвязу
Гэта ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія», якая займаецца рэалізацыяй нафтапрадуктаў, і сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Волат-Санцзян» — беларуска-кітайскае машынабудаўнічае прадпрыемства.
Таксама ў сьпіс уключылі мацярынскую кітайскую кампанію гэтага прадпрыемства China Space Sanjiang Group, піша «Экономическая газета».
Бюджэт пражытковага мінімуму вырасьце на 2,5%
З 1 траўня па 31 ліпеня падвышаецца бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ), да якога прывязаныя многія выплаты. У сярэднім БПМ вырасьце на 2,5%.
Бюджэт пражыткавага мінімуму складзе:
- у сярэднім на душу насельніцтва – Br 509,62 (раней быў Br 496,96);
- для працаздольнага насельніцтва – Br 554,4;
- дзяцей да 3 гадоў – Br 314,1;
- дзяцей ад 3 да 6 гадоў – Br 422,66;
- дзяцей ад 6 да 18 гадоў – Br 497,59;
- пэнсіянэраў – Br 366,59.
Апошні раз БПМ мянялі 1 лютага 2026 году.
Больш як 500 тысячам пэнсіянэраў павялічваюць узроставыя даплаты.
Як паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, з 1 траўня на 2,5% павялічваюцца ўзроставыя даплаты для пэнсіянэраў: асобы ва ўзросьце 75–79 гадоў атрымаюць даплату Br 95,56, ва ўзросьце 80+ гадоў – Br 191,12.
У міністэрстве адзначылі, што ўзроставыя даплаты стасуюцца больш як 563 тысячаў пэнсіянэраў.
Для пэнсіянэраў будуць зьніжкі на электрычкі
Пачынаецца дачны сэзон, і традыцыйна ў Беларусі ад 1 траўня да 31 кастрычніка ўключна ўводзяць зьніжкі ў 50% на праезд у электрычках рэгіянальных лініяў эканом-клясы для пэнсіянэраў (жанчыны ад 58 гадоў і мужчыны ад 63 гадоў). Зьніжкі ня будуць стасавацца цягнікоў рэгіянальных лініяў бізнэс-клясы, міжрэгіянальных цягнікоў з пранумараванымі месцамі і гарадзкіх электрычак.
Надбаўкі да заробку атрымаюць бібліятэкары і некаторыя настаўнікі
Надбаўку ў 20% ад акладу атрымаюць дырэктары бібліятэкаў, іхныя намесьнікі, загадчыкі аддзелаў, бібліёграфы і бібліятэкары.
Яшчэ больш за кошт надбавак павысяцца заробкі некаторых настаўнікаў. Настаўнікі-дэфэктолягі і выхавальнікі будуць атрымліваць надбаўку ў 35% ад акладу.
Больш жорсткія патрабаваньні да жыльлёвых таварыстваў утрыманьня дамоў
1 траўня абнаўляюць санітарныя правілы для жылых дамоў. Гэтак, пры аварыйных сытуацыях у сыстэмах забесьпячэньня вадой і каналізацыі, у цеплавых сетках у дапаможных памяшканьнях дамоў таварыствы павінны будуць самастойна ліквідаваць наступствы (сьцёкавыя воды) не пазьней чым за адзін дзень.
Зьмяняюцца ў Беларусі і правілы, якія датычацца сьмецьцевых камэраў. Цяпер іх трэба будзе мыць не радзей чым раз на месяц, як даводзяць новыя новыя санітарныя нормы і правілы, зацьверджаныя Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Зьмяняецца таксама рэгуляваньне пагрузачна-разгрузачных работ у начны час.