Пэнтагон упершыню расказаў, колькі ўжо каштавала вайна з Іранам

Амэрыканскі верталёт падчас апэрацыі «Эпічная фурыя»

Пра гэта падчас слуханьняў у Кангрэсе заявіў чыноўнік, адказны за фінансы Пэнтагону, Джулс Горст. Паводле яго, апэрацыя «Эпічная фурыя», якая доўжыцца з 28 лютага, ужо абышлася прыкладна ў 25 мільярдаў даляраў.

«На гэты момант мы трацім каля 25 мільярдаў даляраў на апэрацыю „Эпічная фурыя“. Большая частка — гэта боепрыпасы, але частка сродкаў ідзе на рамонт і замену пашкоджанай тэхнікі», — адзначыў ён.

Гэта першыя афіцыйныя дадзеныя пра кошт вайсковых дзеяньняў ЗША ў гэтым канфлікце. Заява прагучала падчас абмеркаваньня рэкорднага абароннага бюджэту, які можа скласьці 1,5 трыльёна даляраў. Чакаецца, што Міністэрства абароны таксама зьвернецца да Кангрэсу па дадатковае фінансаваньне.

Раней міністар абароны ЗША Піт Хэгсэт заяўляў, што дадатковы пакет выдаткаў можа дасягнуць 200 мільярдаў даляраў. Гэтыя сродкі плянуецца накіраваць на аднаўленьне запасаў боепрыпасаў і павелічэньне вытворчасьці ключавых сыстэмаў узбраеньня, у тым ліку ракет для сыстэмаў Patriot, Aegis і THAAD, а таксама ракет Tomahawk і Precision Strike Missile.

Паводле ацэнак CSIS, у ходзе баявых дзеяньняў было выкарыстана ад 30 да 50 працэнтаў запасаў некаторых відаў узбраеньня. Хэгсэт таксама раскрытыкаваў адміністрацыю Джо Байдэн за папярэднія пастаўкі ўзбраеньня Украіне без дастатковага кантролю.

Канфлікт пачаўся з авіяўдараў па Іране, пасьля чаго Тэгеран нанёс ўдары ў адказ па цэлязх у рэгіёне, у тым ліку па амэрыканскіх базах. Акрамя таго, Іран заблякаваў Армускую пратоку, ключавую для транспартаваньня нафты.

З 8 красавіка дзейнічае рэжым спыненьня агню, які быў падоўжаны прэзыдэнтам Дональд Трампам, аднак канчатковыя тэрміны яго завяршэньня пакуль ня вызначаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зацьвердзіў санкцыі супраць сыноў Лукашэнкі, шэрагу беларускіх чыноўнікаў і прадпрыемстваў