Пра гэта паведамілі каналы ВЧК-ОГПУ і Rucriminal. info.
Незалежнага пацьверджаньня гэтай інфармацыі няма, афіцыйна ўлады аб тым, што адбылося, не паведамлялі.
Па дадзеных крыніц, выбуховае прыстасаваньне было закладзена ў паштовую скрыню на лесьвічнай пляцоўцы жылога дома на тэрыторыі гарнізона. Пасьля выбуху асабовы склад быў узьняты па трывозе. Справа, як сьцьвярджаецца, засакрэчана.
Аб стане Амурбекава не паведамляецца. Па дадзеных крыніц, пры выбуху загінуў падпалкоўнік Кузьменка — камандзір батальёна вучэбнай сувязі.
Генэрал-маёр Азатбек Амурбекаў, вядомы таксама як «мясьнік з Бучы», з 2023 года ўзначальвае 392-і акруговы навучальны цэнтар Усходняй ваеннай акругі. Раней камандаваў 64-й асобнай мотастралковай брыгадай, якая ўдзельнічала ў баях у Кіеўскай вобласьці вясной 2022 года. Украінскія ўлады і шэраг расьсьледніцкіх праектаў зьвязваюць падразьдзяленьне з забойствамі мірных жыхароў у Бучы.
Амурбекаў пасьля падзей у Бучы атрымаў званьне Героя Расеі. Ваенны таксама знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвяза, Вялікабрытаніі і ЗША.
Улетку 2022 года вайсковец той жа брыгады Данііл Фролкін прызнаўся журналістам у забойстве мірнага жыхара ў Кіеўскай вобласьці і сьцьвярджаў, што Амурбекаў аддаваў жорсткія загады і скажаў інфармацыю аб тым, што адбываецца на фронце. Пазьней Фролкін быў асуджаны па справе аб «фэйках».