Што абмяркоўвалі Ціханоўская і прэзыдэнт Літвы на саміце ў Харватыі

Лідэрка дэмсілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Науседам у Дуброўніку на палях саміту Ініцыятывы трох мораў.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Науседам абмеркавала пытаньні «падтрымкі беларусаў у Літве», паведамляе яе прэс-служба.

Сустрэча прайшла ў Дуброўніку (Харватыя) на палях саміту Ініцыятывы трох мораў.

Акрамя становішча грамадзянаў Беларусі ў балтыйскай дзяржаве, бакі разгледзелі праблематыку вызваленьня палітычных зьняволеных і сытуацыю вакол Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

«Была рада сустрэцца з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Мы абмеркавалі бягучыя падзеі ў Беларусі і Літве. Вельмі ўдзячная за нязьменную і пасьлядоўную падтрымку беларусаў у Літве. Асабліва шаную прынцыповую пазыцыю Літвы ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыла палітык.

Таксама Ціханоўская правяла ў Дубоўніку сустрэчы з міністрам замежных і эўрапейскіх спраў Харватыі Горданам Грліч-Радманам, амбасадаркай па міжнародных справах Міністэрства замежных спраў Германіі Хельгай Шмід.

На 29 красавіка ў Ціханоўскай, як адзначае яе прэс-служба, заплянаваны «кароткі поціск рукі» з прэзыдэнтам Румыніі Нікушорам Данам, сустрэчы з міністаркай замежных спраў Румыніі Аанай-Сільвіяй Цою і спікерам парламента Эстоніі Лаўры Гусарам.

Саміт у Харватыі праходзіць 27-29 красавіка. Ціханоўская другі раз прымае ў ім удзел. Акрамя яе, у склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць дыпляматычны саветнік, кіраўнік аддзела міжнародных адносін Дзяніс Кучынскі і прадстаўнік па парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька.

Выступаючы на такім саміце ў 2025 годзе (мінуў у Варшаве), Ціханоўскай падкрэсьліла, што Беларусь павінна быць не ваенным пляцдармам Расеі, а часткай стабільнага і бясьпечнага рэгіёна.

«Я выступаю за тое, каб Беларусь вярнулася ў эўрапейскую прастору — не толькі палітычна, але і эканамічна, лягістычна, энэргетычна, — сказала яна. — Ініцыятыва Трымор’я — гэта тая плятформа, дзе мы можам будаваць будучыя партнэрствы для свабоднай Беларусі».

Лідэрка падкрэсьліла, што «ізаляцыя Беларусі, якую праводзіць рэжым» Аляксандра Лукашэнкі, супярэчыць інтарэсам народа і «адрывае краіну ад супрацоўніцтва» з суседнімі дзяржавамі, піша Позірк.

  • Сябрамі Ініцыятывы трох мораў (Трыморʼе, Балта-Адрыята-Чарнаморская ініцыятыва) — рэгіянальнага форуму шматбаковага супрацоўніцтва — зьяўляюцца Аўстрыя, Баўгарыя, Вугоршчына, Грэцыя, Латвія, Літва, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія, Харватыя, Чэхія і Эстонія; статус партнэра маюць Альбанія, Малдова, Чарнагорыя і Украіна, стратэгічнага партнэра — Гішпанія і Турэччына.