Бацькі Пачобута даведаліся пра вызваленьне сына толькі ад польскіх журналістаў

Станіслаў Пачобут, архіўнае фота

Рэжым Лукашэнкі нават не апавясьціў сьваякоў журналіста пра ягонае вызваленьне з турмы.

Бацька Анджэя Пачобута Станіслаў быў уражаны тэлефанаваньнем журналіста выданьня Wirtualna Polska Дарыюша Фарона — толькі ад яго ён даведаўся пра тое, што сына выпусьцілі з турмы, абмянялі на расейскіх і беларускіх шпіёнаў і ўжо вывезьлі ў Польшчу.

«Мы спустошаныя. Мая жонка сядзіць побач са мной, плача ад расчуленьня, і я не магу яе супакоіць. Мае эмоцыі настолькі моцныя, што я нават не магу знайсьці слоў, каб выказаць свае пачуцьці. Гэта як гром сярод яснага неба; мы чакалі гэтага столькі гадоў», — кажа ён.

Станіслаў Пачобут падзякаваў усім, хто «ўспомніў Анджэя і акружыў яго малітвамі».

«Мы дзякуем усім, хто ўспомніў Анджэя. Мы дзякуем Польшчы. Я вельмі ганаруся Анджэем. Калі я яго ўбачу, я ўпаду перад ім на калені і пацалую яму руку», — сказаў ён.

Журналіст і актывіст польскай меншасьці з Горадні Анджэй Пачобут быў арыштаваны вясной 2021 году, а ў лютым 2023 году асуджаны на 8 гадоў калёніі строгага рэжыму. Яго ўдалося вызваліць з турмы толькі 28 красавіка 2026 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці можа Пачобут вярнуцца ў Беларусь? Што пра гэта вядома


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля 5 гадоў зьняволеньня вызвалілі палітвязьня Анджэя Пачобута, журналіста і актывіста польскай меншасьці ў Беларусі