«У выніку апэрацыі 10 грамадзян розных краіны вызваленыя і атрымалі магчымасьць аб’яднацца з сем’ямі. Сярод вызваленых, у тым ліку, грамадзяне Беларусі, якія выконвалі асабліва важныя заданьні ў інтарэсах забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі і абароназдольнасьць нашай краіны», — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Адзначаецца, што з улікам «асабістай просьбы» маці Анджэя Пачобута і актывісткі польскай меншасьці ў Беларусі Анжалікі Борыс, Аляксандар Лукашэнка ўключыў Анджэя Пачобута ў сьпіс для абмену.
У праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі вызваленьне Анджэя Пачобута. Пачобута сустрэў прэм'ер Польшчы Дональд Туск.
«Анджэй Пачобут, палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі, кавалер Ордэна Белага Арла, на волі!» — напісаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х прэзыдэнт Польшчы Караль Наўроцкі, камэнтуючы вызваленьне журналіста. «Дзякую прэзыдэнту Злучаных Штатаў Дональду Трампа за садзейнічаньне ў вызваленьні нашага суайчыньніка. Дзякую ўсім, хто працаваў дзеля гэтага посьпеху», — адзначыў Наўроцкі.
«Я вельмі рады», — заявіў старшыня правааабрончага цэнтру «Вясна» былы палітвязень Алесь Бяляцкі пра вызваленьне Анжэя Пачобута. Пра гэтым праваабаронца нагадаў пра сотні іншых палітвязьняў, якія дагэтуль знаходзяцца за кратамі. «Змагаемся за іх вызваленьне, пакуль усе беларускія палітвязьні ня выйдуць на волю».
Згодна з інфармацыяй беларускага боку, абмен стаў «кульмінацыяй складанага і працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам выведкі Польшчы», які адбываўся паводле даручэньня Лукашэнкі. Перамовы пачаліся ў 2025 годзе.
Абмен праходзіў у пункце пропуску «Перароў — Белавежа». Паводле дзяржаўнага агенцтва БелТА, у Беларусь перадалі пяць чалавек — грамадзян Беларусі, Расеі і іншых краін СНД, а ў Польшчу — асуджаных у Беларусі і Расеі за «шпіянаж».
Як паведаміў спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, сёньня вызвалілі трох грамадзян Польшчы і двух грамадзян Малдовы. Паводле яго, гэта стала магчыма, дзякуючы прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу і камандзе Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, а таксама «пры цеснай каардынацыі зь некалькімі надзейнымі партнэрамі».
«Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за іх неацэнную падтрымку ў гэтых намаганьнях, а таксама за гатоўнасьць прэзыдэнта Лукашэнкі працягваць канструктыўнае ўзаемадзеяньне са Злучанымі Штатамі. Пры прэзыдэнце Трампу Амэрыка выступае за сваіх хаўрусьнікаў і дасягае дыпляматычных перамог, якіх ніхто іншы ня можа дасягнуць», — напісаў Джон Коўл.
Каго яшчэ абмянялі
Грамадзяне Малдовы, якіх вызвалілі разам з Пачобутам, — супрацоўнікі Службы інфармацыі і бясьпекі. Іх абмянялі на грамадзянку Расеі Ніну Папову і грамадзяніна Малдовы Аляксандра Балана. Апошняга вінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе ў інтарэсах КДБ Беларусі.
«Для нашай краіны гэта перамога, якую нельга вымераць простай матэматычнай формулай: мы вярнулі дадому двух грамадзян, якія працуюць на Рэспубліку Малдова, адмовіўшыся ўзамен ад двух зняволеных, якія працавалі супраць Рэспублікі Малдова», — заявіла прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду. Яна таксама падзякавала адміністрацыі Дональда Трампа за спрыяньне ў «вызваленьні людзей з палону».
Сярод іншых абмененых на карысьць Расеі — расейскі археоляг Аляксандар Буцягін, затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Малдаўскаму палкоўніку, які супрацоўнічаў з КДБ, прысудзілі турэмны тэрмінСярод вызваленых у Беларусі грамадзянаў Польшчы — манах-кармэліт Гжэгаж Гавэл. Пра гэта паведаміла RadioZET_NEWS.
Гжэгаж Гавэл, архіўнае фота
Рэжым Лукашэнкі вінаваціў яго ў шпіянажы. Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контравыведка КДБ.
Гэтая ж крыніца паведаміла і пра вызваленьне польскага прадпрымальніка, якога ў Беларусі асудзілі за шпіянаж на 14 гадоў. Ягонае імя не раскрываецца.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.