Былыя палітвязьні накіравалі зварот экспэртам ААН у пытаньнях Беларусі, а таксама кіраўніцы дэлегацыі Эўрапарлямэнту для дачыненьняў зь Беларусьсю Малгажаце Гасеўскай пра перасьлед паводле артыкулу 411 КК за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы», паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Улады ня першы год выкарыстоўваюць гэты артыкул для ціску на зьняволеных і падаўжэньня ім тэрмінаў пакараньня, асабліва палітвязьням.
«З дапамогай гэтага артыкулу злачынны рэжым прымушаў нас пісаць прашэньні аб памілаваньні на імя ўзурпатара, удзельнічаць у прапагандысцкіх відэаматэрыялах з мэтай дыскрэдытацыі беларускага дэмакратычнага руху, а таксама даваць згоду на так званае „канфідэнцыйнае супрацоўніцтва“», — сьведчаць у звароце былыя палітвязьні.
Зварот падпісалі Павал Вінаградаў, Алена Гнаўк, Мікола Дзядок, Юры Зянковіч, Аляксандар Казьлянка, Зьміцер Казлоў, Ігар Карней, Вікторыя Кульша, Павал Севярынец, Павал Спірын, Паліна Шарэнда-Панасюк.
Паводле «Вясны», на красавік 2026 году паводле 411-га артыкулу асуджаныя больш за 80 палітвязьняў, 45 зь іх працягваюць знаходзіцца ў няволі.
Паводле аўтараў звароту, рапарты за надуманыя парушэньні, якія складаюць на палітвязьняў у месцах няволі, ператвараюцца ў новыя крымінальныя справы, а згаданы артыкул — у мэханізм пастаяннага падаўжэньня зьняволеньня.
«Гэта ў істоце эквівалент пажыцьцёвага зьняволеньня. Яго прымяненьне вядзе да цяжкіх фізычных і псыхалягічных пакутаў палітвязьняў», — даводзяць аўтары звароту.
Зварот наконт 411 артыкулу КК накіравалі таксама сьпікеру Сейму Літвы Юозасу Олекасу і беларускім нобэлеўскім ляўрэатам — пісьменьніцы Сьвятлане Алексіевіч і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму.
Пад перасьлед за «злоснае непадпарадкаваньне» трапляюць як тыя, у каго ўжо заканчваецца асноўны тэрмін і яны неўзабаве маюць выйсьці на волю, так і тыя, каго асудзілі на 15–20 гадоў.
Цяпер на падставе прысуду паводле артыкулу 411 утрымліваюць у няволі, наколькі вядома, Мікіту Емяльянава (асуджаны ў 2025 годзе на 7 гадоў), Уладзімера Кнігу (асуджаны ў 2021 годзе на 6 гадоў), Паўла Аўчарова (асуджаны ў 2021 годзе на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня) і Андрэя Любецкага (асуджаны ў 2022 годзе на 5 гадоў пазбаўленьня волі).
На 28 красавіка палітычнымі вязьнямі ў Беларусі паводле сьпісу цэнтру «Вясна» ёсьць 835 чалавек, а паводле сьпісу праваабарончай ініцыятывы dissidentby — 925 палітвязьняў.