Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін выказаў падтрымку Тэгерану ў ягоным канфлікце з Злучанымі Штатамі і Ізраілем падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Ірану Абасам Аракчы ў Санкт-Пецярбургу 27 красавіка.
Сустрэча адбылася амаль праз два месяцы пасьля пачатку авіяўдараў ЗША і Ізраілю па Іране.
«Мы бачым, як мужна і гераічна змагаецца народ Ірану за сваю незалежнасьць, за свой сувэрэнітэт», — заявіў Пуцін.
Ён паведаміў, што на мінулым тыдні атрымаў пасланьне ад цяперашняга вярхоўнага лідэра Ірану Муджтабы Хамэнэі, якога ня бачылі на публіцы ад пачатку вайны.
Пуцін і Аракчы заявілі пра «стратэгічнае партнэрства» краін.
«Усім даказана, што ў Ірана ёсьць такія сябры і хаўрусьнікі, як Расейская Фэдэрацыя, якія акурат у цяжкія хвіліны стаяць побач з Іранам», — сказаў Абас Аракчы.
Сёньня ж прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп сустрэўся з высокапастаўленымі чыноўнікамі нацыянальнай бясьпекі, каб абмеркаваць тупік у перамовах з Іранам.
Раней на паведамленьні пра тое, што Расея перадавала Ірану разьведвальныя зьвесткі, зьвярнулі ўвагу ў Кангрэсе ЗША.
«Злучаныя Штаты супрацьстаяць ня проста Ірану, а шырокай восі Расея — Іран», — заявіў кангрэсмэн Джо Ўілсан на нядаўніх слуханьнях Хэльсынскага камітэту.
Паводле Ўілсана, Расея і Іран супрацоўнічаюць у гандлі зброяй, абмене разьведвальнымі зьвесткамі і ў абыходзе санкцый.
Паездка Аракчы ў Маскву адбылася на фоне зрыву перамоваў з ЗША. Разам з тым, Пуцін можа быць зацікаўлены ў тым, каб схіліць Іран да некаторых саступак, асабліва датычных ядзернай праграмы, сказаў іранскі палітычны аналітык у выгнаньні Амір Чагакі Радыё Фарда.
«Для Расеі выжываньне Ісламскай Рэспублікі — і тое, каб не было сюрпрызаў накшталт сырыйскага — жыцьцёва важнае», — сказаў ён.
«Ядзернае пытаньне, канкрэтна гэтыя 450 кіляграмаў і ўзбагачэньне, застаецца цэнтральнай тэмай. Калі Расея зможа праз узаемадзеяньне з Трампам і Тэгеранам — альбо з Муджтабой Хамэнэі, альбо зь любой іншай групай — вырашыць праблему, разбавіўшы частку ўрану альбо перадаўшы рэшту ў Расею прымальным спосабам, гэта сталася б вялікай паслугай Пуціна Трампу», — лічыць Чагакі.
Наўзамен Пуцін можа прапанаваць ЗША пайсьці на «частковыя саступкі, дазволіўшы Ірану пэўнае ўзбагачэньне з больш строгімі лімітамі, магчыма, праз 10 гадоў».
Пуцін падчас сустрэчы з Аракчы заявіў, што Расея зробіць усё, «што ў нашых інтарэсах, у інтарэсах людзей у рэгіёне, каб мір быў дасягнуты як мага хутчэй».
Напярэдадні Трамп заявіў Fox News, што Іран «можа патэлефанаваць», калі захоча паразмаўляць, але дадаў: «Яны ведаюць, што павінна быць у пагадненьні. Усё вельмі проста: яны ня могуць мець ядзернай зброі».