Прапанова прадугледжвае спыненьне вайны і атрыманьне гарантыяў адмовы ад далейшых ваенных дзеяньняў супраць Ірану і Лібану.
Іран праз пакістанскіх пасярэднікаў перадаў ЗША новую прапанову наконт адкрыцьця Армускай пратокі й спыненьня вайны, піша Axios з спасылкай на знаёмых з сытуацыяй амэрыканскага службоўца і яшчэ дзьве крыніцы.
Паводле аднаго з суразмоўцаў выданьня, іранская прапанова ў першую чаргу накіраваная на разьвязаньне крызісу вакол пратокі й амэрыканскай блякады. У рамках гэтага пагадненьня спыненьне агню прапануецца падоўжыць на працяглы пэрыяд або дамовіцца аб поўным спыненьні вайны. Ядзерныя перамовы Іран прапануе пачаць пазьней, пасьля адкрыцьця пратокі й зьняцьця блякады.
У Белым доме выданьню пацьвердзілі, што атрымалі іранскую прапанову, але пакуль незразумела, ці гатовыя ЗША яе разгледзець.
«Гэта далікатныя дыпляматычныя перамовы, і ЗША ня будуць весьці перамовы праз прэсу. Як сказаў прэзыдэнт, Злучаныя Штаты маюць карты ў руках, і яны заключаць угоду толькі ў тым выпадку, калі інтарэсы амэрыканскага народу будуць на першым месцы, не дазваляючы Ірану валодаць ядзернай зброяй ніколі», — заявіла прадстаўніца Белага дому Алівія Ўэлз.
Лібанскі канал «Аль-Маядын», які зьвязваюць з «Хэзбалою», з спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што Тэгеран паінфармаваў пасярэднікаў аб трохэтапнай формуле перамоваў, і калі Вашынгтон яе прыме, перамовы адновяцца.
Першы этап прадугледжвае спыненьне вайны і гарантыі адмовы ад далейшых ваенных дзеяньняў супраць Ірану і Лібану. Калі пагадненьне будзе дасягнутае, то бакі пяройдуць да другога этапу — абмеркаваньня пытаньня аб кіраваньні Армускай пратокай. Трэці этап зьвязаны зь ядзернай праграмай, але гэтае пытаньне, як сьцьвярджаецца, Тэгеран будзе абмяркоўваць толькі пасьля дасягненьня згоды на першым і другім этапах.
Паводле Axios, у выходныя кіраўнік МЗС Ірану Абас Аракчы даў зразумець пакістанскім, эгіпецкім, турэцкім і катарскім пасярэднікам, што ўсярэдзіне іранскага кіраўніцтва няма кансэнсусу наконт таго, як рэагаваць на патрабаваньні ЗША прыпыніць узбагачэньне ўрану прынамсі на дзесяцігодзьдзе і вывезьці ўзбагачаны ўран.
Аракчы 27 красавіка прыбыў у Санкт-Пецярбург, дзе ён плянуе сустрэцца з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
На гэты момант працягвае дзейнічаць замірэньне, падоўжанае прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам без канкрэтнага тэрміну яго завяршэньня. 26 красавіка ў інтэрвію Fox News ён зазначыў, што хоча працягнуць блякаду Ірану, як піша Axios, «спадзеючыся, што гэта прымусіць Тэгеран саступіць цягам наступных некалькіх тыдняў».
Форум