Паводле зьвестак вернікаў, 65-гадовы ксёндз Анатоль Парахневіч, які служыць пробашчам у Вілейскім раёне і знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за месяц, застаецца ў сьледчым ізалятары ў цяжкім стане, паведамляе katolik-life.
Ад сярэдзіны сакавіка ксёндз за кратамі, пры гэтым невядома, за што яго затрымалі і ў чым абвінавачваюць. Афіцыйных паведамленьняў Касьцёл на гэты конт так і не апублікаваў, але вернікам у парафіі стала вядома, што яго нібыта абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Мяркуецца, што сьвятара трымаюць у СІЗА КДБ. Арыштоўваць яго прыяжджалі невядомыя людзі ў масках на некалькіх машынах, ягоны дом апячаталі.
У Альковічах Вялейскага раёну сьвятар служыў з 2007 году, раней служыў у Ракаве і Заслаўі, а вучыўся ў Беластоку. Летась ён адзначыў 30-годзьдзе сьвятарскага пасьвячэньня.
Ксёндз Анатоль у Альковічах стварыў невялікі музэй пры касьцёле. Тут захоўваў вышытыя шоўкам арнаты XVIII стагодзьдзя, аздобленыя зрэбнымі слуцкімі паясамі, унікальную калекцыю беларускіх ручнікоў, старадаўнія кнігі.
Ксяндза Анатоля Парахневіча затрымалі праз чатыры месяцы пасьля вызваленьня пры пасярэдніцтве Ватыкану двух дагэтуль зьняволеных сьвятароў — ксяндза Генрыха Акалатовіча і айца Анджэя Юхневіча. Яны па-ранейшаму ў Рыме, ня могуць вярнуцца ў Беларусь і ўдзельнічаць у публічнай дзейнасьці. Ксяндза Генрыха Акалотовіча таксама абвінавачвалі ў «здрадзе дзяржавы». Канфіскаваныя ў Акалатовіча старадаўнія іконы днямі выставілі на аўкцыён.