Сьцісла
- Польска-францускія ядзерныя вучэньні — адказ на імітацыю ядзерных удараў па Польшчы падчас вучэньняў «Захад-2025».
- Гэтыя вучэньні — увасабленьне новай палітыкі наданьня краінам Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы францускага ядзернага «парасона» замест амэрыканскага.
- У Польшчы абмяркоўваюцца пляны стварэньня ўласнай ядзернай зброі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Францыя і Польшча правядуць вучэньні з сымуляцыяй ядзерных удараў па БеларусіВітальд Юраш, журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі: «Гэта адказ на выказваньні і дзеяньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа»
Вітальд Юраш
— Пакуль гэта паведамленьні прэсы, якім няма пацьверджаньня. Але мы ведаем, што сцэнар вучэньняў «Захад-2025», якія праводзілі Расея і Беларусь, прадугледжваў імітацыю ўжываньня ядзернай зброі супраць Польшчы. У нас ёсьць права рабіць тое ж самае, гэта мера ў адказ.
— А раней падчас вучэньняў, якія праводзіліся ў Польшчы, імітаваліся ядзерныя ўдары, у прыватнасьці, па Беларусі?
— Наўрад ці, бо мы заўсёды імкнуліся, каб сцэнары нашых вучэньняў былі менш правакацыйнымі і агрэсіўнымі за тыя, якія праводзілі Расея і Беларусь. Таксама трэба ўлічыць, што на тэрыторыі Польшчы пакуль няма ядзернай зброі, а на тэрыторыі Беларусі яна ёсьць. То бок, гэта Расея перакінула ядзерную зброю бліжэй да нашых межаў, а ня мы — бліжэй да расейскіх.
— Ці азначаюць польска-францускія вучэньні з імітацыяй ядзернага ўдару, што ядзерная зброя будзе прывезеная ў Польшчу?
— Я спадзяюся, што будзе. Я за гэта даўно выступаў. Але я думаю, што галоўны кантэкст гэтых вучэньняў не расейскі. Гэта адказ на выказваньні і дзеяньні прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, празь якія зьявіліся пытаньні, наколькі надзейным партнэрам зьяўляюцца Злучаныя Штаты. І Францыя ўбачыла ў гэтым шанец, каб узмацніць свае пазыцыі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Мы імкнуліся, каб амэрыканцы разьмясьцілі сваю ядзерную зброю на нашай тэрыторыі, калі ўжо Расея разьмясьціла сваю ў Беларусі. Да гэтага публічна заклікаў прэзыдэнт Анджэй Дуда (папярэдні прэзыдэнт Польшчы — заўв. Свабоды), але амэрыканцы не пагаджаліся. Цяпер мы назіраем пэўнае суперніцтва ЗША і Францыі.
— Вы сказалі, што расейская ядзерная зброя ўжо разьмешчаная ў Беларусі. І Аляксандар Лукашэнка, і Ўладзімір Пуцін пра гэта заяўлялі. Але незалежнага пацьверджаньня наяўнасьці, дэманстрацыі гэтай зброі ў Беларусі, пакуль не было. Можа заявы аб яе наяўнасьці — блеф, стварэньне стратэгічнай нявызначанасьці?
— Менавіта так дзейнічаў ірацкі дыктатар Садам Хусэйн, ён ствараў сытуацыю, калі ніхто ня ведаў, ці ёсьць у яго зброя масавага паражэньня ці не. Але такія паводзіны былі ягонай самай вялікай памылкай. Нам трэба браць пад увагу найгоршыя сцэнары і зыходзіць з таго, што расейская ядзерная зброя ў Беларусі ёсьць. У Польшчы вядзецца сур’ёзная дыскусія аб тым, ці павінны мы мець уласную ядзерную зброю. Я асабіста не лічу, што зараз гэта магчыма. Але на мой погляд, калі б яна ў нас зьявілася, яе трэба было б выкарыстоўваць толькі супраць нападу расейскіх войскаў на нашай тэрыторыі. Не супраць Расеі на яе тэрыторыі, бо ў нас у любым выпадку ня будзе столькі ядзернай зброі, колькі ёсьць у Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Камандзір падразьдзелу NATO ў Літве: Няма пацьверджаньня пра ядзерную зброю і «Арэшнік» у БеларусіЮры Фёдараў, вайскова-палітычны экспэрт: «Гэта хутчэй адказ на разьмяшчэньне ў Беларусі „Арэшніка“»
Юры Фёдараў
— Вучэньні NATO з імітацыяй ядзерных удараў раней праводзіліся. Але французы ніколі ў іх ня ўдзельнічалі. У іх заўсёды была свая незалежная ядзерная палітыка, якую яны старанна засьцерагалі ад кантактаў з NATO.
Што да заплянаваных польска-францускіх вучэньняў, то гэта будзе істотная зьмена ранейшай практыкі. 2 сакавіка прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон выступіў з прамовай аб новай ваеннай палітыцы Парыжу ва ўмовах, калі абавязаньні Злучаных Штатаў перад эўрапейцамі вельмі сурʼёзна скампрамэтаваныя.
Што будзе далей, ніхто ня ведае. Пакуль ёсьць падставы лічыць, што амэрыканцы дыстанцыююцца ад Эўропы і разьлічваць на амэрыканскі ядзерны «парасон» ужо не даводзіцца. Таму паўстала пытаньне аб тым, а як Эўропа можа абараняцца ад Расеі пры дапамозе ядзернай зброі, калі звычайнае стрымліваньне не спрацуе. Макрон заявіў, што Францыя бярэ на сябе адказнасьць і пераходзіць да палітыкі перадавога ядзернага стрымліваньня.
Сэнс новай палітыкі — у тым, што Францыя бярэ пад свой ядзерны «парасон» Усходнюю і Цэнтральную Эўропу: Польшчу, краіны Балтыі, магчыма, Чэхію. Мяркуецца, што ў выпадку патрэбы Францыя гатовая выкарыстоўваць ядзерную зброю дзеля таго, каб спыніць агрэсію Расеі супраць гэтых краін.
Польшча і краіны Балтыі вельмі заклапочаныя магчымасьцю расейскай агрэсіі. І, адпаведна, ёсьць пляны разгортваньня францускай ядзернай авіяцыі ў Нямеччыне і, магчыма, у Польшчы. Гаворка ідзе пра ратацыйнае, часовае разгортваньне.
У французаў ёсьць чатыры эскадрыльлі па 10 самалётаў кожная, якія нясуць крылатыя ядзерныя ракеты паветранага базаваньня далёкасьцю ў 500 км прыкладна. У першую чаргу, гэтая зброя нацэленая на расейскія цэлі. Але, магчыма, і на беларускія, бо цяжка ўявіць сабе ўварваньне ў краіны Балтыі ці Польшчу без выкарыстаньня тэрыторыі Беларусі.
— У якой ступені штуршком да правядзеньня ядзерных польска-францускіх вучэньняў стала разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі? Ці паўплываў той факт, што на вучэньнях «Захад-2025» імітаваліся ядзерныя ўдары па краінах NATO?
— Наколькі я ведаю, на гэтых вучэньнях імітавалася прыняцьце рашэньня аб такіх ударах. Сабралася кампанія беларускіх і расейскіх генэралаў, яны абмяркоўвалі, як будуць выбіраць цэлі, у якім парадку па іх наносіць удары.
У Беларусі ёсьць расейскі кантынгент, які абслугоўвае разьмешчаныя там ядзерныя авіябомбы, ёсьць батарэя «Іскандэраў», здольных несьці ядзерную зброю. Але ў час вучэньняў «Захад-2025» у баявую гатоўнасьць іх не прыводзілі, мадэлявалі толькі прыняцьце рашэньняў.
— А польска-францускія ядзерныя вучэньні маглі быць адказам на гэтыя беларуска-расейскія генэральскія трэніроўкі?
— Хутчэй на разьмяшчэньне ў Беларусі «Арэшніка». Пакуль ня вельмі зразумела, ці разьмешчаны ён там і ў якой колькасьці. Гэтых ракет і ў Расеі вельмі мала. І нават калі ёсьць некалькі ракет у Беларусі, падпарадкоўваюцца яны, як і ядзерная зброя, Маскве. Тут ключавое пытаньне — ці ёсьць у Лукашэнкі права вета на іх выкарыстаньне. Гэта невядома. Ён ідзе на рызыку ядзерных удараў у адказ па Беларусі. І думаю, нягледзячы на ўсю маю нелюбоў да яго, што ён гэтага асьцерагаецца і хоча гэтага пазьбегнуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Магчымую базу «Арэшніку» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкі- У сакавіку 2023 году Ўладзімір Пуцін заявіў пра намер разьмясьціць у Беларусі расейскую тактычную ядзерную зброю. Паводле яго, для гэтага былі падрыхтаваныя беларускія самалёты, перададзеныя комплексы «Іскандэр» і завершанае будаўніцтва спэцыяльнага сховішча. Аляксандар Лукашэнка неаднаразова сьцьвярджаў, што боепрыпасы ўжо знаходзяцца на беларускай тэрыторыі, аднак незалежнага пацьверджаньня гэтаму няма. Заходнія экспэрты і NATO прызнавалі, што прыкметы падрыхтоўкі ёсьць, але доказаў фактычнага разьмяшчэньня боезарадаў дагэтуль няма.
- У канцы 2024 году Лукашэнка таксама заявіў пра магчымую перадачу Беларусі новага расейскага ракетнага комплексу «Арэшнік», які Масква называла сыстэмай сярэдняй далёкасьці. Ён казаў, што Беларусь хацела б атрымаць такую зброю «для стрымліваньня». У сьнежні 2025 году Міністэрства абароны Беларусі прадэманстравала відэа нібыта рытуалу заступленьня на баявое дзяжурства комплексу «Арэшнік». Аналітыкі адзначаюць, што падобныя заявы могуць быць часткай палітычнага і псыхалягічнага ціску на Захад і суседнія краіны.