Нэтаньягу абвінаваціў «Хэзбалу» ў спробе сарваць замірэньне з урадам Лібану

Біньямін Нэтаньягу

24 красавіка стала вядома пра падаўжэньне замірэньня на тры тыдні, але праіранскія баевікі працягваюць выступаць супраць.

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу абвінаваціў «Хэзбалу» ў спробе «сарваць» намаганьні дасягнуць мірнага пагадненьня зь Лібанам, піша AFP.

«Мы пачалі працэс дасягненьня гістарычнага міру паміж Ізраілем і Лібанам, і нам відавочна, што „Хэзбала“ спрабуе сабатаваць гэта», — сказаў ён у сваім першым выступе пасьля падаўжэньня спыненьня агню.

«Хэзбала» — баявая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.

Камэнтары прагучалі пасьля таго, як ізраільскія вайскоўцы заявілі, што нанесьлі ўдары па аб’ектах «Хэзбалы» ў вёсцы на поўдні Лібану ў адказ на «парушэньне спыненьня агню», перад тым папярэдзіўшы жыхароў аб эвакуацыі.

«Пэўны час таму Армія абароны Ізраілю ўдарыла па вайсковых збудаваньнях у раёне Дэйр-Аамэс, зь якіх учора былі запушчаныя ракеты па горадзе Штула ў Ізраілі», — гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле вэрсіі ізраільскага боку, гэтыя аб’екты выкарыстоўвала якраз «Хэзбала».

Дэйр-Амэс разьмешчаны на поўнач ад так званай «жоўтай лініі» ў Лібане, за якой дзейнічаюць ізраільскія войскі, нягледзячы на спыненьне агню.

Акрамя таго, у сваім новым звароце Нэтаньягу сказаў, што «выдатна паразмаўляў» з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Ізраільскі кіраўнік ураду заявіў, што Трамп моцна цісьне на Іран, як у эканамічным, так і ў ваенным пляне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп заявіў, што ізраільска-лібанскае спыненьне агню падоўжылі на тры тыдні


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея эвакуявала зь Лібану беларусаў разам з сваімі грамадзянамі