Украіна і Расея абмяняліся палоннымі на тэрыторыі Беларусі

Вызваленыя з палону ўкраінскія вайскоўцы

Кожны з бакоў перадаў па 193 чалавекі.

Абмен палоннымі пацьвердзілі як у Міністэрстве абароны Расеі, так і ў канцылярыі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Абмен зроблены пры пасярэдніцтве ААЭ і ЗША, дадалі ў расейскім ведамстве. Таксама там паведамілі, што абмен правялі ў Беларусі, і вызваленыя расейскія вайскоўцы цяпер там.

Паводле Зяленскага, вызваленыя вайскоўцы, байцы Нацыянальнай гвардыі, памежнікі, паліцыянты, сярод іх ёсьць параненыя і тыя, супраць каго ў Расеі пачыналі крымінальныя справы.

Вядома, што кантакты ў пытаньнях абменаў палоннымі і целамі загінулых паміж бакамі працягваюцца, нягледзячы на тое, што афіцыйных мірных перамоваў цяпер не вядуць. Дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі Шамсаіл Сараліеў казаў аб падрыхтоўцы да яго напярэдадні, аднак не прыводзіў падрабязнасьцяў.

Папярэдні абмен палоннымі адбыўся 11 красавіка. Усяго за час вайны бакі абменьваліся палоннымі ўжо больш за 20 разоў. Нярэдка адмены праводзіліся на тэрыторыі Беларусі.

Як стала вядома, большасьць гэтай партыі ўкраінскіх палонных утрымлівалі ў Чачэніі. Шэраг вызваленых — 2000-х гадоў нараджэньня, некаторыя зь іх параненыя. Шэраг вызваленых украінцаў правёў у палоне некалькі гадоў.

Ува ўкраінскім штабе адзначаюць, што звольненыя вайскоўцы абаранялі краіну на Луганскім, Данецкім, Харкаўскім, Запароскім і Курскім напрамках.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На вайне ва Ўкраіне бязь вестак зьнік яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Яго шукае дачка


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расея і Ўкраіна правялі абмен палоннымі ў фармаце 175 на 175. ФОТА