Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея і Ўкраіна правялі абмен палоннымі ў фармаце 175 на 175. ФОТА

абноўлена
Вызваленыя 11 красавіка з расейскага палону ўкраінцы
Вызваленыя 11 красавіка з расейскага палону ўкраінцы

Абмен адбыўся церазь беларуска-ўкраінскую мяжу.

У Расею вярнуліся пераважна тыя, хто правёў у палоне адносна невялікі час — у сярэднім каля 5,5 месяца. 151 чалавек быў у палоне менш за год. 48% зь вернутых былі знойдзеныя блізкімі праз праект па пошуку зьніклых бязь вестак вайскоўцаў УС РФ «Хочу найти», заявіў Свабодзе прадстаўнік праекту Аляксандар Семянцоў.

Паводле Сьмянцова, ва ўкраінскім палоне застаюцца сотні расейскіх вайскоўцаў, якія чакаюць абмену больш за тры гады, аднак гэтую катэгорыю ў Маскве ўключаць у сьпісы не сьпяшаюцца.

З украінскіх жа вайскоўцаў большасьць была ў палоне з 2022 году, напісаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. У дадатак да 175 вайскоўцаў былі вызвалены 7 цывільных людзей.

Украіна зьбіралася правесьці абмен значна большай колькасьці палонных, заявіла Ірына Крыніна — удзельніца іншага грамадзкага руху па пошуку і вяртаньні расейскіх вайскоўцаў «Наш выход»:

«Паводле маёй інфармацыі, украінскі бок выступаў з прапановай аб правядзеньні ў гэтыя велікодныя сьвяты аднаго з самых вялікіх абменаў з пачатку вайны. Мы бачылі ва Ўкраіне падрыхтоўку да абмену такога маштабу. На наша вялікае шкадаваньне, на шкадаваньне тысячаў сем’яў ваеннапалонных, якія чакаюць сваіх мужчынаў дадому, Расея не падтрымала такую прапанову і пагадзілася толькі на абмен 175 на 175».

Паводле Крынінай, амаль 30% з тых, хто сёньня вярнуўся ў Расею, прыйшлі на фронт зь месцаў пазбаўленьня волі, мелі судзімасьці або былі пад сьледзтвам. Такім вайскоўцам пасьля абмену вельмі цяжка дамагчыся хаця б вайскова-лекарскай камісіі.

«У адпачынак іх не адпусьцяць, а адразу пасьля допытаў як мага хутчэй адправяць назад на вайну — у штурмы», — кажа Крыніна.

Мінабароны Расеі паведаміла, што пасярэднікам у абмене былі Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Вызваленыя з украінскага палону расейскія вайскоўцы
Вызваленыя з украінскага палону расейскія вайскоўцы

Гэта трэці абмен сёлета. Папярэднія былі 5 сакавіка (150 на 150) і 5 лютага (200 на 200).

У лютым Зяленскі паведаміў, што ў расейскім палоне ўтрымліваюць каля 7 тысяч украінцаў.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG