У Беларусі забаранілі пазыкі паміж фізычнымі асобамі ў замежнай валюце

Палата прадстаўнікоў. Архіўнае фота

З 23 красавіка ў Беларусі забароненыя выдача крэдытаў у валюце і пад заклад маёмасьці.

У Беларусі з 23 красавіка ўвялі новыя абмежаваньні для насельніцтва. Сярод іншага ўлады забаранілі пазыкі паміж фізычнымі асобамі ў замежнай валюце. Выключэньнем тут — блізкія сваякі.

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу летась Беларусі ўхваліла зьмены ў заканадаўства, якія прадугледжваюць абмежаваньне выдачы крэдытаў у замежнай валюце.

У Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў адзначалася, што адпаведныя зьмены ўносяцца у Грамадзянскі кодэкс, а таксама ў законы аб валютным рэгуляваньні і валютным кантролі і аб рэкляме.

У прыватнасьці, абмежоўваюцца пазыкі фізычным асобам у замежнай валюце, забараняюцца крэдыты пад заклад маёмасьці, калі гэта адзіны жылы будынак або кватэра, уводзяцца абмежаваньні штрафных санкцыяў і адсоткаў за карыстаньне пазыковымі сродкамі.

Забараняецца таксама магчымасьць валютнай пазыкі паміж фізычнымі асобамі, а таксама ў эквіваленце замежных валютаў ці ва ўмоўных грашовых адзінках, з выняткам блізкіх сваякоў.

Фізычныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасьцю, ня могуць выдаваць крэдыты. Гэтая магчымасьць застанецца толькі для супрацоўнікаў такіх арганізацыяў.

У Палаце прадстаўнікоў упэўненыя, што такія зьмены «дазволяць павялічыць давер насельніцтва да банкаў і іншых фінансавых арганізацыяў, зьнізіць пазыковую нагрузку на спажыўцоў, забясьпечыць абарону іхных правоў і законных інтарэсаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі прадпрыемствы зь ліпеня змогуць выкарыстоўваць лічбавы беларускі рубель. Што гэта такое

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі ўсё часьцей не аддаюць пазыкаў, улады спрабуюць урэгуляваць праблему новым законам