Як адзначаецца ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, лічбавы беларускі рубель стане новай, дадатковай форма безнаяўных грошай, якія захоўваюцца не на банкаўскіх рахунках, а на адмысловай лічбавай плятформе Нацыянальнага банку Беларусі.
«Мы плянуем у ліпені ўжо досьледную эксплуатацыю па шэрага арганізацый — разьлікі ў лічбавых рублях. Калі ж казаць пра грамадзян, то лічбавы беларускі рубель плянуецца да ўкараненьня не раней 2028 году», — сказаў дэпутат камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Аляксей Райко.
Паводле яго, для заканадаўчага забесьпячэньня выкарыстаньня лічбавага рубля ўнясуць зьмены ў пяць кодэксаў і восем законаў.
«Гэта будзе законны плацёжны сродак на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і фактычна дазволіць нашым грамадзянам ажыцьцяўляць плацяжы ў лічбавай валюце. Фактычна гэта новая форма безнаяўных разьлікаў у Беларусі. [...] Адным з новаўвядзеньняў, якія чакаюць нашы экспарцёры, гэта зьніжэньне залежнасьці ад міжнародных плацёжных сыстэм пры транспамежных плацяжах», — дадаў дэпутат.
Аляксей Райко адзначыў, што ўвядзеньне лічбавага рубля не паўплывае на абарачэньне гатоўкі, але ён ня будзе зьяўляцца сродкам для назапашваньня зберажэньняў, на іх ня будуць налічваць адсоткі за захоўваньне на лічбавым рахунку і ў іх ня будуць выдаваць крэдыты.
У паведамленьні Палаты прадстаўнікоў адзначаецца, што ўкараненьне лічбавага рубля дазволіць «павялічыць эфэктыўнасьць кантролю дзяржавы за мэтавым выкарыстаньнем бюджэтных сродкаў, павялічыць патэнцыял інтэграцыі нацыянальнай плацёжнай сыстэмы з плацёжнымі сыстэмамі краін-партнэрак, пашырыць спосабы ажыцьцяўленьня плацяжоў, забясьпечыць высокі ўзровень захаванасьці грашовых сродкаў суб’ектаў гаспадараньня».
Функцыянаваньне плацёжнай сыстэмы лічбавага беларускага рубля будзе забясьпечваць Нацыянальны банк Беларусі.
Форум