Як падкрэсьлілі ва ўрадзе, рашэньне прынялі «ў межах выпрацоўкі канкрэтных захадаў абароны ўнутранага рынку».
Стаўкі пералічылі для ўтылізацыйнага збору, які плацяць як фізычныя, так і юрыдычныя асобамі на аўтамабілі, што вырабляюцца ў краіне, а таксама прыыезеныя на тэрыторыю Беларусі аўтамабілі, самаходныя машыны і прычэпы да іх.
Вынятак складаюць выпадкі, прадугледжаныя міжнароднымі дамовамі.
У выніку памер ставак утылізацыйнага збору вырас на 7%. Пры гэтым ва ўрадзе заявілі, што інтарэсы фізычных асоб закранутыя мінімальна:
- незалежна ад тыпу і аб’ёму рухавіка транспартнага сродку, які набываецца, з даты выпуску якога прайшло да трох гадоў уключна, збор павялічаны з 544,5 да 624,92 рубля;
- з даты выпуску якога прайшло больш за 3 гады, — з 1089 да 1282,02 рубля.
У той жа час па асобных пазыцыях стаўкі ўтылізацыйнага збору павялічаныя шматкроць. Гэта тлумачаць «абаронай унутранага рынку».
Ва ўрадзе падкрэсьлілі, што беларускія аўтавытворцы вызваляюцца ад выплаты ўтылізацыйнага збору ў выпадку прыняцьця на сябе абавязаньняў па ўтылізацыі транспартных сродкаў, самаходных машынаў і прычэпаў да іх.
Ёсьць у новай пастанове таксама іншыя навацыі. Напрыклад, шасі аднесьлі да аб’ектаў, абкладаных зборам. Некаторыя віды і катэгорыі транспартных сродкаў, самаходных машынаў і прычэпаў да іх прыраўналі да відаў і катэгорый, вызначаных у Расеі.
Акрамя таго, дакумэнт павялічыў патрабаваньні да тэрміну знаходжаньня транспартнага сродку ва ўласнасьці замежнай фізычнай асобы.
Пастанова набыла моц пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.
Мінулым разам утылізацыйны збор у Беларусі павысілі з 10 лютага 2025 году. Для некаторых катэгорый аўтамабіляў стаўкі пры гэтым вырасьлі практычна ўдвая.