Зьявіліся афіцыйныя вынікі працы эканомікі Беларусі ў першым квартале 2026 году. Як паведаміў Белстат, у першым квартале 2026 года ВУП Беларусі зьнізіўся на 0,4% у параўнаньні з першым кварталам мінулага году.
Прадукцыйнасьць працы ў першым квартале 2026 у параўнаньні з першым кварталам 2025 года года зьнізілася на 1,4% у параўнаньні з першым кварталам 2025 года, а інвэстыцыі ў асноўны капітал упалі на 3%.
Падзеньне прадукцыйнасьці працы азначае, што за адзін і той жа прамежак часу працаўнік выпускае меней прадукцыі, чым раней. Гэта ў выніку цягне за сабой падзеньне такіх паказчыкаў, як прыбыткі вытворцаў і заробкі працоўных.
Што тычыцца падзеньня інвэстыцый, то гэта паказчык паказвае магчымае падзеньне ВУП у будучыні.
Пры гэтым эканамісты блізкага да ўрадаў постсавецкіх краін Эўразійскага банку разьвіцьця прагназуюць для беларускай эканомікі іншы сцэнар — рост інвэстыцый і ВУП.
«Эканамічная актыўнасьць паступова ўзнаўляецца... Інвэстыцыйная актыўнасьць таксама палепшылася, тэмпы падзеньня інвэстыцый замарудзіліся», — пішуць аналітыкі Эўразійскага банку.
На іх думку, прырост інвэстыцый у будаўніцтва і прырост раздробнага гандлю дапамогуць справіцца з падзеньнем ВУП Беларусі ўжо ў другім квартале 2026 году.
Згодна з зацьверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі парамэтрамі на 2026 год, ВУП у Беларусі павінен павялічыцца на 2,8%.
Паводле зьвестак Белстату, аб’ём ВУП у 2025 годзе вырас на 1,3% (286,7 млрд рублёў) пры заплянаваным росьце ў 4,1%.
Па выніках 2024 года рост эканомікі склаўся на ўзроўні 4%, 2023-га — 3,9%. У 2022-м ВУП зьнізіўся на 4,7%, у 2021-м — вырас на 2,3%, у 2020-м — скараціўся на 0,9%.
У красавіцкім 2026 году аглядзе сусьветнай эканомікі Міжнародны валютны фонд (IMF) панізіў прагноз прыросту ВУП Беларусі ў 2026 годзе да 1,2 %.
Эўразійскі банк разьвіцьця чакае росту эканомікі Беларусі ў 2026 годзе на ўзроўні 1,8%.