У Беларусі на аўкцыён выставілі дзьве іконы, даўжніком у лоце пазначаны Акалатовіч Генадзь Уладзіслававіч (сьвецкае імя ксяндза Генрыха). Іконы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.
Як піша @christianvision, гэта працяг гісторыі з маёмасьцю каталіцкага сьвятара Генрыха Акалатовіча: пасьля яго вызваленьня і вымушанага выезду зь Беларусі ўлады паводле рашэньня суду працягнулі канфіскацыю яго маёмасьці для пагашэньня нібыта «запазычанасьці».
Была інфармацыя, што ў Акалатовіча арыштавалі і выставілі на продаж аўтамабіль (яго прадалі) і невялікі зямельны ўчастак (які спрабавалі прадаць, але пакупнікоў не знайшлося). Цяпер у пераліку арыштаванай маёмасьці зьявіліся і рэлігійныя каштоўнасьці — іконы.
Раней стала вядома пра вызваленьне ксяндза Акалатовіча і яго выезд у Рым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зямлю асуджанага ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыёнХто такі Генрых Акалатовіч
Сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча затрымалі 16 лістапада 2023 году. Летась Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.
Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за «здраду дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведкаў, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».
Вернікі прыходу Генрыха Акалатовіча зьбіралі подпісы ў ягоную падтрымку.