Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямлю асуджанага ксяндза Акалатовіча не змаглі прадаць праз аўкцыён

Ксёндз Генрых Акалатовіч
Ксёндз Генрых Акалатовіч

Размова пра невялікі ўчастак — зямлю яго бацькоў, што знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага дому.

Электронныя таргі па продажы зямельнага ўчастку, які належыць ксяндзу Генрыху Акалатовічу, у вёсцы Новая Мыш Баранавіцкага раёну, не адбыліся, піша выданьне «Katolik Life».

Таргі былі прызначаныя на 24 лютага. Аднак аўкцыён завяршыўся нічым з прычыны адсутнасьці ўдзельнікаў — ахвотных купляць зямлю сьвятара не знайшлося.

Выстаўлены на продаж невялікі ўчастак — зямля бацькоў Генрыха Акалатовіча. Участак знаходзіцца непадалёк ад бацькоўскага дому. Цяпер гэта арыштаваная маёмасьць і яна выстаўлялася на продаж «у кошт спагнаньня запазычанасьці па выканаўчым вядзеньні».

Таксама вернікам вядома, што пад арышт трапіў і мікрааўтобус, які належыць не сьвятару, а парафіі.

Па абвінавачваньні ў «здрадзе дзяржаве» акрамя пазбаўленьня волі тэрмінам на 11 гадоў ксяндза Акалатовіча абавязалі выплаціць нібыта прычыненую дзяржаве шкоду сумай 1 млн 700 тысяч рублёў — гэта 500 тысяч эўра.

Яго выпусцілі на свабоду, аднак абавязак выплаты велізарнай сумы не зьнялі. Раней у кошт спагнаньня запазычанасьці быў прададзены асабісты аўтамабіль ксяндза — 20-гадовы Volkswagen. Яго прадалі за 12 852 рубля. Аўтамабіль быў пад арыштам КДБ.

Яшчэ адно арыштаванае аўто — мікрааўтобус той жа маркі і такога ж узросту, які фармальна зарэгістраваны на былога пробашча, зьяўляецца ўласнасьцю парафіі. Верагодна, яго таксама паспрабуюць прадаць з аўкцыёну. З-за арышту парафія ня можа карыстацца аўтамабілем, і ён прастойвае ўжо больш за два гады.

Бацькоўскі дом ксяндза на таргі пакуль не выстаўлялі.

Сам сьвятар па-ранейшаму знаходзіцца ў Рыме, куды яго вывезьлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу па вызваленьні. Яны працягваюць аднаўляцца пасьля доўгага зьняволеньня. Іх далейшы лёс пакуль застаецца нявызначаным, камэнтароў яны не даюць.

Улады рэгулярна спрабуюць прадаваць забраную ў палітвязьняў і палітычных уцекачоў маёмасьць з аўкцыёнаў. Вельмі часта для гэтага патрабуецца шэраг аўкцыёнаў, бо ахвочыя знаходзяцца нячаста. Напрыклад, толькі ў лютым 2026 году ўладам удалося прадаць кватэру спартоўкі Аляксандры Герасімені, якая выехала за мяжу з палітычных матываў.

А дом сямейнай пары Веранікі і Валера Цапкалаў прадалі нават нягледзячы на тое, што там былі прапісаныя непаўналетнія дзеці. Як менскую кватэру, так і дом Цапкалаў прадалі ня зь першага аўкцыёну.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG