«Для кожнага з нас гэты сымбаль — гэта знак глыбокай павагі да вэтэранаў, памяць аб загінулых на палях бітваў і гонар за гераічны подзьвіг нашчадкаў, якія падарылі нам мірнае неба», — сказана ў паведамленьні.
Сетка «Русских домов» створаная ў Беларусі пад эгідай расейскага дзяржаўнага агенцтва «Россотрудничество». Яно пашырае сваю прысутнасьць у Беларусі пасьля таго, як улады зьліквідавалі многія беларускія грамадзкія арганізацыі, пачынаючы з 2020 году. Гэтыя ўстановы прапагандуюць «русский мир» і вайну Расеі ва Ўкраіне.
Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў некалькіх постсавецкіх краінах, у тым ліку ў Азэрбайджане і Малдове, «Русские дома» закрылі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сетка «Русских домов» у Беларусі адзначыла гадавіну анэксіі Крыму фільмамі і выставамі з прапагандай вайны Расеі ва ЎкраінеШто папярэднічала
Да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ўлады Беларусі адмяжоўваліся ад выкарыстаньня 9 траўня расейскіх сымбаляў. На ўзроўні мясцовых уладаў нават выдаваліся рэкамэндацыі не выкарыстоўваць «георгіеўскія стужкі» і расейскую сымболіку на акцыях, прымеркаваных да Дня перамогі.
З 2015 году ў Беларусі на Дзень перамогі пачалі выкарыстоўваць чырвона-зялёныя бутаньеркі з яблыневай кветкай замест «георгіеўскіх стужак». Таксама ў Беларусі існавала свая вэрсія расейскай акцыі «Несьмяротны полк» пад назвай «Беларусь памятае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Бабруйску «рэкамэндавана» не выкарыстоўваць георгіеўскай стужкі ў Дзень перамогіДыскусія паміж Расеяй і Беларусьсю пачалася перад сьвяткаваньнем юбілею Перамогі ў 2025 годзе. Тады з паводзінаў уладаў Беларусі стала зразумела, што Расея на афіцыйным ці паўафіцыйным узроўні патрабавала поўнай уніфікацыі з расейскай сымболікай. Ціск чынілі такі, што Аляксандар Лукашэнка мусіў публічна двойчы апраўдвацца.
Спачатку 29 красавіка таго году на перамовах з Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе Лукашэнка сказаў, што «ніхто не забараняе ні ў якім разе георгіеўскія стужачкі», «нічога дрэннага ня бачу, калі нехта хоча георгіеўскую стужку».
Але тады ён нават асьмеліўся намякаць на дрэнную перадгісторыю гэтага сымбалю:
«Хаця я пацікавіўся гісторыяй. Раю: вось вазьміце, няхай вам дадуць гісторыкі ўсю інфармацыю пра георгіеўскую стужачку. Мы гэта не адмаўляем. Хаця своеасаблівая ўсё ж гісторыя гэтай георгіеўскай стужачкі».
І выказаў папрок: «Ну камусьці трэба пашумець». Потым параіў не зьвяртаць увагі на асобныя нэгатыўныя выказваньні наконт гэтага.
2 траўня 2025 году Лукашэнка зноў пачаў апраўдвацца. Гэтым разам перад губэрнатарам Астраханскай вобласьці Ігарам Бабушкіным і амбасадарам Расеі ў Беларусі Барысам Грызловым. Як паведамляла тады прэсавая служба Лукашэнкі, «такая ўвага зьвязана з спробамі ў пэўных колах штучна раскруціць гэтае пытаньне і зрабіць пунктам разладу ў беларуска-расейскіх адносінах».
Фактычна Лукашэнка намёкам, але даволі празрыста абвінаваціў у распальваньні жарсьцяў вакол сымболікі Перамогі Барыса Грызлова. З Лукашэнкавых словаў вынікала, што ён нават паскардзіўся на расейскага амбасадара Пуціну. А потым стаў апраўдвацца за сымболіку, уведзеную ў Беларусі, ужо перад Грызловым:
«Думаю, сваё павінна быць нейкае адрозьненьне... Але ня трэба супрацьпастаўляць адно аднаму».
Колеры расейскай «георгіеўскай стужкі» ня маюць дачыненьня да Сьв. Георгія (Юр’я), гэта расейскія імпэрскія колеры, зьвязаныя з агрэсіўнай палітыкай Расеі.