16 сакавіка ў «Русском доме» ў Берасьці з удзелам прадстаўнікоў мясцовай арганізацыі «Русское общество» адзначылі чарговую гадавіну анэксіі Расеяй Крыму. На ім паказалі дакумэнтальны фільм кінакампаніі «Скайфёст» «Крым. Портал времени» (2022 год) пра антычную спадчыну Крыму і крымскія артэфакты, якія цяпер знаходзяцца ў расейскіх музэях.
У «Русском доме» ў Горадні 16 сакавіка паказалі расейскі мастацкі фільм «Позывной „Пассажир“» пра гісторыю маскоўскага пісьменьніка, які паехаў на Данбас шукаць свайго брата, зьніклага там бязь вестак. Разам з стужкай наведнікам прадэманстравалі і выставу «Люди мира», «прысьвечаную жыхарам новых рэгіёнаў Расеі (акупаваных тэрыторыяў Украіны. — Радыё Свабода), якія падняліся на абарону сваёй культуры, гісторыі і мовы».
У Гомлі 11 сакавіка паказалі дакумэнтальную стужку «Тихий тыл» пра жонак расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць супраць Украіны.
У Telegram-каналах гэтых структураў сыстэматычна перадрукоўваюцца расейскія навіны аб далучэньні Крыму і Данбасу да Расеі.
Сетка «Русских домов» створаная ў Беларусі пад эгідай расейскага дзяржаўнага агенцтва «Россотрудничество». Яно пачало пашыраць сваю прысутнасьць у Беларусі пасьля таго, як улады зьліквідавалі беларускія грамадзкія арганізацыі, пачынаючы з 2020 году.
Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў некалькіх постасавецкіх краінах, у тым ліку ў Азэрбайджане і Малдове, такія арганізацыі закрылі.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум