У БДУІР адрэагавалі на зварот выкладчыка Аношкі да Лукашэнкі аб нізкім заробку

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Менск, архіўнае фота

Раней старшы выкладчык катэдры праграмнага забесьпячэньня і інфармацыйных тэхналёгіяў БДУІР Дзьмітры Аношка зьвярнуўся з скаргай да Лукашэнкі. Зьявілася рэакцыя ВНУ.

Пасьля звароту выкладчыка Дзьмітрыя Аношкі да Аляксандра Лукашэнкі БДУІР апублікаваў сярэдні заробак выкладчыкаў.

«У сувязі з дыскусіямі ў інфаполі публікуем афіцыйныя дадзеныя ўнівэрсытэту. Ключавыя лічбы: сярэдні заробак прафэсарска-выкладчыцкага складу ў 2025 годзе — 2 960,75 руб. Гэта азначае, што заробак выкладчыкаў БДУІР на 9,9% вышэйшы за сярэдні ў краіне», — гаворыцца ў тэлеграм-канале ўнівэрсытэту.

«Падвышэньне заработных платаў зьвязана з нарошчваньнем экспартных праектаў БДУІР, выкананьнем актуальных дзяржаўных задачаў. Унівэрсытэт працягвае работу дзеля падвышэньня прывабнасьці акадэмічнай кар’еры і падтрыманьня прафэсарска-выкладчыцкага складу», — гаворыцца ў паведамленьні ВНУ.

Што расказаў Дзьмітры Аношка

Раней Дзьмітры Аношка, які працуе выкладчыкам ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі больш за 12 гадоў, паведаміў пра малы заробак і паказаў выпіску з залічэньняў у Белінвэстбанк за лістапад 2025 году, дзе ягоны заробак склаў 87 рублёў.

Дакумэнты пра заробак выкладчыка ВНУ зь Менску Дзьмітрыя Аношкі

Аношка сьцьвярджае, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту такім чынам «імкнецца яго выжыць». У адказе БДУІР ягонага прозьвішча не называюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Выкладчык менскага ВНУ паскардзіўся Лукашэнку на заробак у 87 рублёў, кажа, што яго «выжываюць»