Дзьмітры Аношка працуе выкладчыкам ў Беларускім дзяржаўным ўнівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі больш за 12 гадоў. Сярод іншага ён паведаміў, што распрацаваў некалькі праграмаў, якія выкарыстоўваюцца ў эканоміцы, мае падзякі ад кіраўніцтва.
«А гэта — заробак такога спэцыяліста пры аб’ёме працы на поўную стаўку», — заявіў Аношка і паказаў выпіску з залічэньняў у Белінвэстбанк за лістапад 2025 году, дзе ягоны заробак склаў 87 рублёў.
Аношка сьцьвярджае, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту «імкнецца яго выжыць». Ён заявіў таксама, што кіраўніцтва яго ВНУ дазваляе некаторым студэнтам здаваць залікі больш чым тройчы, пры тым што міністэрства адукацыі адводзіць на здачу экзамэну ці заліку толькі тры спробы. Але іншых студэнтаў, якія ня здолелі здаць экзамэн ці залік з трох разоў, адлічвалі на наступны дзень. З гэтымі фактамі Аношка зьвяртаўся ў пракуратуру і адміністрацыю Лукашэнкі.
Пад зваротам выкладчыка ў камэнтарах — словы ўдзячнасьці бацькоў і студэнтаў. Як паведамляе адзін з бацькоў, цяпер, калі Дзьмітрыя Аношку замянілі на іншага выкладчыка, вынікі вучобы сына-студэнта пагоршыліся.
Рэакцыі ВНУ на заяву Дзьмітрыя Аношкі няма.
Форум