«Нам вядомыя некалькі выпадкаў, калі адразу пасьля абвяшчэньня гэтага рашэньня студэнты былі ў дарозе, перасякалі мяжу зь Беларусі ў Літву, і, на шчасьце, ім удалося пасьпяхова прыбыць у Літву», — сказаў Вілюс Шадаўскас у інтэрвію выданьню LRT.
Паводле яго, асноўная рэкамэндацыя як ад унівэрсытэту, так і ад літоўскіх ведамстваў — зусім не выяжджаць у Беларусь. «Гарантыі бясьпекі, якія даюць праўная база Літвы і ўнівэрсытэт, дзейнічаюць толькі на тэрыторыі Літвы. Што можа здарыцца пасьля перасячэньня мяжы, сказаць складана, а магчымасьці надаць дапамогу ў такім выпадку на практыцы вельмі абмежаваныя», — дадаў ён.
На пытаньне журналіста, ці ёсьць прадстаўнікі ЭГУ, затрыманыя ў Беларусі, рэктар установы адказаў:
«Наколькі мне вядома, менавіта з гэтым рашэньнем (аб „экстрэмісцкай арганізацыі“. — РС) — няма. Калі казаць аб папярэдніх палітычных працэсах, такія выпадкі былі. Некаторых зь іх пазьней вызвалілі, напрыклад, у рамках нядаўніх працэсаў вызваленьня палітычных зьняволеных — сярод іх былі і нашы вядомыя выпускнікі. Аднак канкрэтна ў сувязі з гэтым рашэньнем, наколькі мне вядома, такіх выпадкаў няма».
Вілюс Шадаўскас адзначыў, што 74% цяперашніх студэнтаў складаюць беларусы, а сярод астатніх найбольш грамадзян Расеі (дзяцей тых, хто эміграваў адтуль пасьля 2022 году), Украіны і расейскамоўных жыхароў Літвы. У магістратуры ёсьць студэнты з Заходняй Эўропы, скандынаўскіх краін, а таксама з Усходняй Эўропы — Грузіі, Малдовы, Латвіі, Польшчы.
Рэктар ЭГУ мяркуе, што ў новым навучальным годзе колькасьць абітурыентаў зь Беларусі значна скароціцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Літва прапануе Эўразьвязу ўвесьці санкцыі супраць датычных да перасьледу ЭГУМінулай восеньню ЭГУ пачаў свой трыццаць трэці навучальны год, і каля 500 студэнтаў з Усходняй Эўропы паступілі на першы курс. Новы навучальны год зазначылі адкрыцьцём дадатковага навучальнага корпусу.
Заснаваны ў 1992 годзе ўнівэрсытэт працуе ў Вільні з 2006 году. Як заяўлена ў ягоных інфармацыйных матэрыялах, акадэмічная місія ЭГУ грунтуецца на каштоўнасьцях крытычнага мысьленьня, акадэмічнай супрацы і інтэлектуальнай свабоды. Унівэрсытэт цэніцца за яго сацыяльны ўклад — ён рыхтуе выпускнікоў ня толькі да прафэсійнай кар’еры, але і да зьмястоўнага ўдзелу ў грамадзтве і да лідэрства ў складаных, зьменлівых умовах.
У Вільні ЭГУ мае два падразьдзяленьні — Школу лічбавых кампэтэнцыяў і Школу бізнэсу і эканомікі. ЭГУ актыўна ўдзельнічае ў праграме абмену Erasmus+, якая дае студэнтам магчымасьць навучацца або праходзіць стажы ў вядучых унівэрсытэтах Эўрапейскага Зьвязу.