Такое рашэньне ўхвалілі 22 красавіка амбасадары краін Эўразьвязу. Канчатковае рашэньне мае ўхваліць Рада Эўразьвязу на саміце 23 красавіка ў Нікасіі.
Амбасадары краін-чальцоў ЭЗ ухвалілі крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра для Ўкраіны і 20-ы пакет санкцый супраць Расеі, пасьля чаго была запушчаная фармальная пісьмовая працэдура, паведаміла кіпрскае старшынства ў Радзе ЭЗ.
«Сёньня крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра для Украіны і 20-ы пакет санкцый былі ўключаны ў парадак дня амбасадараў ЭЗ і ўхвалены на ўзроўні Coreper. Цяпер яны пройдуць пісьмовую працэдуру для канчатковага зацьвярджэньня Радай», — сказала прадстаўніца Кіпра.
Чакаецца, што пісьмовая працэдура будзе завершаная заўтра днём.
Раней кіраўніца Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Кая Калас выказала чаканьне хуткага вырашэньня пытаньня аб наданьні Ўкраіне крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра, зьвярнуўшы ўвагу на «новы імпульс» у гэтым працэсе пасьля выбараў у Вугоршчыне.
У сьнежні 2025 года ЭЗ пагадзіўся выдзяліць Украіне крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра на 2026–2027 гады. Першы транш для Украіны павінен быў быць выдадзены ў пачатку красавіка. Але ў сакавіку лідэры ЭЗ канчаткова не ўхвалілі шматмільярдны крэдыт для Украіны, бо яго заблякаваў прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан.
20-ы пакет санкцый таксама заблякавалі Вугоршчына і Славаччына, сярод іншага яны патрабавалі ад Кіева аднаўленьня працы нафтаправоду «Дружба».
Пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у Вугоршчыне лідэр партыі «Ціса» Петэр Мадзьяр даў зразумець, што здыме вета Орбана на выдзяленьне Кіеву крэдыту ў памеры 90 мільярдаў эўра. Пры гэтым ён адзначыў, што яго краіна ня будзе несьці фінансавую адказнасьць за гэты крэдыт і выступае супраць паскоранага ўступленьня Ўкраіны ў ЭЗ.
21 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абвясьціў, што Украіна правяла рамонтныя работы на нафтаправодзе «Дружба». Паводле яго слоў, нафтаправод можа аднавіць працу.