Алеся Бяляцкага ўганаравалі першым Крыжам Свабоды

Сьвятлана Ціханоўская ўручае Алесю Бяляцкаму Крыж Свабоды

Узнагароду кіраўніку праваабарончага цэнтру «Вясна» ўручыла Сьвятлана Ціханоўская.

Ціханоўская прыняла ўдзел у вечарыне, прысьвечанай 30-годзьдзю праваабарончага цэнтру «Вясна», які адбыўся 21 красавіка ў Варшаве. У часе ўрачыстасьці яна павіншавала вясноўцаў зь юбілеем і адзначыла іх унікальны ўнёсак у беларускі праваабарончы рух.

У сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская падкрэсьліла: «Слова „Вясна“ стала сынонімам усяго беларускага праваабарончага руху». Яна выказала захапленьне самаахвярнасьцю праваабаронцаў і падзякавала ім за гады няспыннай працы і салідарнасьці зь беларусамі, якія апынуліся пад перасьледам.

Акрамя таго, Ціханоўская ўручыла Алесю Бяляцкаму Крыж Свабоды. Гэтая ўзнагарода, заснаваная Аб’яднаным пераходным кабінэтам, уручаецца ўпершыню. Алесь Бяляцкі стаў першым кавалерам Крыжа Свабоды.

Вечарына сабрала беларускіх і міжнародных гасьцей, дыпляматаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і сяброў «Вясны», якія разам адзначылі тры дзесяцігодзьдзі яе барацьбы за правы чалавека ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алесь Бяляцкі абвясьціў, што праваабарончы цэнтар «Вясна» будзе працаваць і ў Польшчы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Мова, душа народу і 30-гадовая «Вясна». Рэпартаж з выступу Алеся Бяляцкага ў перапоўненай залі