У Менскім гарадзкім судзе 22 красавіка завочна пачынаюць судзіць адразу чатырох чалавек.
На гэты дзень прызначаны разгляд завочнай крымінальнай справы супраць Андрэя Балмакова, Яўгеніі Тачыцкай, Кацярыны Вастровай і Антаніны Найдовіч. Усім ім інкрымінуюць ч. 2 арт. 361-4 КК («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), а Антаніне дадаткова — арт. 369 КК («абраза прадстаўніка ўлады»), інфармуе Вясна.
Яўгенія Тачыцкая — фігурантка «справы Мачулішчаў», якую завочна асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі.
«Справа Мачулішчаў» — крымінальная справа, якую завялі ў Беларусі пасьля пашкоджаньня расейскага самалёту А-50 на аэрадроме ў Мачулішчах пад Менскам. Здарэньне адбылося 26 лютага 2023 году. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў падарвалі і вывелі з ладу расейскі самалёт.
Адразу пасьля выбухаў спэцслужбы рэжыму Лукашэнкі пачалі масава затрымліваць і арыштоўваць грамадзян. Масавыя аблавы прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў. Улады тады выставілі абвінавачваньні шэрагу чалавек, у тым ліку завочна — тым, хто пакінуў Беларусь.
Пасьля дывэрсіі ў Беларусі чарговы раз абмежавалі выкарыстаньне дронаў.
У сакавіку 2024 году старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Малюк прызнаў, што пашкоджаньне расейскага самалёта ў Мачулішчах стала вынікам дывэрсійнай апэрацыі Службы бясьпекі Ўкраіны, у якой «хірургічна спрацавалі», пашкодзіўшы антэну. Праўда, колькі беларусаў дапамагалі СБУ ў гэтай апэрацыі, ён не сказаў.