«Топ-5 дзяржаваў паводле рэгістрацыяў у Mах ачоліў Узбэкістан і ўпершыню апярэдзіў Беларусь. На трэцім месцы Казахстан, за ім ідуць Таджыкістан і Кіргізстан», — адзначаецца ў афіцыйным прэс-рэлізе кампаніі.
У прыватнасьці, мэсэнджарам Мах нібыта карыстаюцца 2,3 мільёна карыстальнікаў з Узбэкістану, 1,3 мільёна — зь Беларусі, 1,2 мільёна — з Казахстану, 630 тысяч — з Таджыкістану і 605 тысяч — з Кіргізстану.
У кампаніі паведамілі, што рэгістрацыя ў мэсэнджары даступная грамадзянам 40 дзяржаваў. Летась у лістападзе доступ адкрылі для грамадзян краін СНД, а сёлета ў сакавіку — для карыстальнікаў з краін Азіі, Афрыкі, Блізкага Ўсходу і Лацінскай Амэрыкі.
Пакуль што 90% карыстальнікаў Мах складаюць жыхары СНД. Распрацоўнікі мэсэнджару адзначылі, што іншаземцы штодзень робяць 1,5 мільёна званкоў і адпраўляюць больш за 20 мільёнаў паведамленьняў.
У пачатку красавіка ў аплікацыі зарэгістраваліся 110 мільёнаў чалавек, а штотыднёвая аўдыторыя мэсэнджару перавысіла 80 мільёнаў карыстальнікаў.
Мах — гэта кросплятформавы мэсэнджар, падобны адначасова да Telegram і WhatsApp. У ім можна засноўваць каналы, рабіць чаты, ствараць боты. Некаторыя папулярныя функцыі ў ім недаступныя: нельга ствараць відэа-кружкі, папулярныя ў Telegram, не працуе пошук каналаў.
Апошнім часам у Беларусі ўсё больш дзяржаўных СМІ рэгіструюцца ў расейскім мэсэнджары — ад раённых да агульнадзяржаўных выданьняў.