У Варшаве падвялі вынікі Алімпіяды ў беларускай мове. Яе правялі для школьнікаў Польшчы 32-і раз

Ляўрэаты польскай Алімпіяды ў беларускай мове

Конкурс называюць важнай традыцыяй падтрымкі беларускага жыцьця і школьніцтва за мяжой.

У Варшаве прайшоў сёлетні фінал Алімпіяды ў беларускай мове для вучняў сярэдніх школаў. Алімпіяду арганізавала катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту пры падтрымцы Міністэрства нацыянальнай адукацыі.

Гэта сьведчыць, што Алімпіяда стала важнай зьявай, катэдра адчувае адказнасьць за захаваньне традыцыі, сказала ў камэнтары «Польскаму радыё» ад’юнкт катэдры і каардынатарка Алімпіяды Вольга Трацяк.

«32 гады — вялікая адказнасьць і традыцыя. Ёсьць пачуцьцё таго, што мы робім для падтрымкі беларускасьці ў Польшчы, для беларускай меншасьці ў Польшчы, але і для беларусаў зь Беларусі — гэта таксама важная справа».

Вольга Трацяк

Віншаваньні пераможцам таксама прыслала міністарка адукацыі Польшчы Барбара Навацкая, яе ліст прачытаў намесьнік дырэктара дэпартамэнту інавацыяў і разьвіцьця Міністэрства адукацыі Польшчы.

Ляўрэатамі конкурсу сталі 12 школьнікаў зь Беластоку, Гайнаўкі й Бельску Падляскага.

«Я браў удзел у Аліміпіядзе, бо чуў пра яе ад свайго брата, які таксама раней удзельнічаў. Я ўважаю, што гэта быў мой абавязак як беларуса — прыняць удзел. Было складана, але я падцягнуў свой узровень мовы. Лічу, што гэта вялікае для мяне дасягненьне», — адзначыў адзін зь ляўрэатаў Даніла Дашкоў.

Настаўніца Марыя Здрайкоўская зь ліцэю № 2 у Беластоку падккрэсьліла, што трэба цяжка працаваць, каб удзельнічаць у Алімпіядзе.

«Пра Алімпіяду ў беларускай мове ведаюць у першую чаргу тыя вучні на Падляшшы, якія маюць дачыненьні зь беларускасьцю. Ня ўсе дзеці хочуць, ня ўсе адчуваюць сябе моцнымі. Трэба шмат працы ў гэта ўкласьці, самастойнай працы. Посьпех заўсёды цешыць настаўнікаў і дырэктара школы. У нашым ліцэі мы вельмі падтрымліваем вучняў ды ганарымся іх посьпехамі».

Выкарыстаць свае веды беларускай мовы выпускнікі школы могуць пазьней на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту.

«Удзельнікі Алімпіяды прыходзяць да нас вучыцца, але вельмі рэдка. Гэта наш боль. Мы ўвогуле фэнамэнальны кірунак навучаньня і вельмі цікавы. Нідзе ў Польшчы няма такой спэцыялізацыі — беларуская філялёгія з вывучэньнем ангельскай мовы, толькі ў Варшаўскім унівэрсытэце. Таксама мы адзіная па-за межамі Беларусі самастойная катэдра беларусістыкі ў сьвеце», — дадала Вольга Трацяк.

Алімпіяды ў беларускай мове праводзяцца з 1994 году. Іх мэта — пашырэньне ведаў у галіне беларускай літаратуры, мовы, культуры, фальклёру і грамадазнаўства, а таксама вывучэньня польска-беларускіх літаратурных, лінгвістычных і культурных сувязяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Увесь наклад сьвежага падручніка беларускай мовы для іншаземцаў раскупілі за некалькі тыдняў