Пра гэта кіраўнік ведамства Аляксандар Бастрыкін заявіў на паседжаньні каардынацыйнай рады СК у пытаньнях аказаньня дапамогі дзецям, пацярпелым ад гуманітарных катастрофаў, стыхійных бедзтваў, тэрактаў і ўзброеных канфліктаў.
«Асобна абмяркоўваўся зьмест дзіцячай літаратуры: у якасьці нэгатыўнага прыкладу прыведзеныя творы Р. Остэра, якія зьмяшчаюць, на думку ўдзельнікаў, сумнеўныя з пэдагагічнага гледзішча ўстаноўкі. У сувязі з гэтым старшыня СК Расеі даручыў правесьці праверку кніг названага аўтара», — гаворыцца ў паведамленьні СК.
Акрамя гэтага, на пасяджэньні прапанавалі, каб навучаньнем і выхаваньнем дзяцей займаліся ўдзельнікі агрэсіі супраць Украіны.
«Бязглуздыя парады» («Вредные советы») Рыгора Остэра — адна з самых папулярных дзіцячых кніг на расейскай мове. Першыя вершы публікаваліся ў дзіцячых часопісах у 1980-х гадах. З 1990 году выйшла чатыры кнігі гэтай сэрыі.
Ейная папулярнасьць абумоўлена жартаўлівым прыёмам — даваць пэдагагічныя парады ад адваротнага. Рыгор Остэр у першых радках піша, што паслухмяным дзецям кнігу чытаць забаронена, бо яна для неслухаў. «Навукоўцы прыдумалі, што такім дзецям трэба даваць не карысныя, а шкодныя парады. Яны ўсё зробяць наадварот, і атрымаецца якраз правільна», — тлумачыць Остэр у прадмове.
Гэта ня першая спроба забараніць кнігу Остэра. У траўні 2024 году пракуратура Каратускага раёну Краснаярскага краю знайшла ў ягоных дзіцячых вершах «апісаньні жорсткасьці, фізычнага і псыхалягічнага гвалту, антыграмадзкія дзеяньні, якія выклікаюць у дзяцей страх, жах або паніку». Праўда, пазьней пракуратура Краснаярскага краю заявіла, што зьвяртацца ў суд наконт зьнішчэньня гэтай кнігі не зьбіраецца, пісала «Новая газета».
Рыгору Остэру 78 гадоў, ён нарадзіўся ў Адэсе, вырас у Крыме, жыў у Маскве, а пасьля нападу Расеі на Ўкраіну пераехаў у Латвію. Пасьля эміграцыі на яго пачаліся нападкі ў Расеі за антываенную пазыцыю і падтрымку дзеяньняў уладаў Латвіі па дэрусіфікацыі.
Цікава, што калі Остэру было каля дваццаці, ён недзе ў Расеі пазнаёміўся з выбітным беларускім паэтам Анатолем Сербантовічам. У архіве Анатоля засталіся пераклады Остэрам ягоных вершаў на расейскую мову. Пра гэта выходзіў вялікі матэрыял на Свабодзе у 2016 годзе.
А «Бязглуздыя парады» Рыгора Остэра можна пачытаць і па-беларуску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Шкодны дарадчык» і «шклоўскі жаўранак»Сёньня ж у Расеі ў межах справы пра экстрэмізм сілавікі забралі на допыт генэральнага дырэктара выдавецтва «Эксмо» Яўгена Кап’ева і яшчэ некалькі работнікаў. Сьледзтва падазрае Кап’ева ў датычнасьці да распаўсюду раманаў Алены Малісавай і Кацярыны Сільванавай «Лета ў піянэрскім гальштуку» і ягонага працягу «Пра што маўчыць ластаўка». У іх закранаецца забароненая цяпер у Расеі тэма аднаполых стасункаў.