У афіцыйным паведамленьні Армія абароны Ізраілю напісала, што статую Ісуса Хрыста замянілі і вярнулі на месца «ў поўнай каардынацыі зь мясцовай супольнасьцю.
Здарэньне, якое абурыла хрысьціянаў ва ўсім сьвеце, адбылося ў мясцовасьці Дэбэль на поўдні Лібану. Тады ізраільскі жаўнер зьбіў з крыжа і пачаў разьбіваць молатам статую Ісуса Хрыста, Бога-сына, якога шануюць хрысьціяне.
Пашкоджаную статую замянілі жаўнеры Арміі абароны Ізраілю. Там паведамілі, што Паўночнае камандаваньне працавала над каардынацыяй замены статуі з моманту атрыманьня паведамленьня пра здарэньне.
Армія абароны Ізраілю выказала «глыбокае шкадаваньне» з нагоды здарэньня і паведаміла, што «робіць усё магчымае, каб гэта не паўтарылася ў будучыні».
Ізраіль працягвае баявую апэрацыю на поўдні Лібану. Раней улады краіны правялі перамовы з урадам Лібану. У Тэль-Авіве заяўляюць, што вядуць змаганьне супраць «Хэзбалы» — праіранскай вайсковай арганізацыі, якая ставіць на мэце зьнішчэньне Дзяржавы Ізраіль.
«Хэзбала» — баявая групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі яе ўзброенае крыло.
16 красавіка стала вядома, што Ізраіль і Іран дамовіліся на 10-дзённае спыненьне агню.
Лібан — шматрэлігійная дзяржава. Паводле зьвестак 2024 году, хрысьціянства — другая ў велічыні рэлігія ў краіне, розныя плыні хрысьціянства ў Лібане вызнае звыш 41% жыхароў.