Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Ізраіль і Лібан дамовіліся пра 10-дзённае спыненьне агню

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэзыдэнт Лібану Джозэф Аун. Каляж
Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньяху, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, прэзыдэнт Лібану Джозэф Аун. Каляж

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў, што Ізраіль і Лібан пагадзіліся на 10-дзённае перамір’е, якое пачынаецца 16 красавіка.

Гэтую заяву ён зрабіў пасьля размоваў з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньяху і прэзыдэнтам Лібану Джозэфам Аунам.

На сваёй сацыяльнай плятформе Truth Social Трамп напісаў: «Гэтыя два лідэры пагадзіліся, што дзеля дасягненьня МІРУ паміж іхнымі краінамі яны афіцыйна пачнуць 10-дзённае СПЫНЕНЬНЕ АГНЮ а 17:00 паводле паўночнаамэрыканскага ўсходняга часу (EST)».

(У Менску будзе 0 гадзінаў 17 красавіка).

Пры гэтым Трамп ніяк не згадаў лібанскі рух «Хэзбала» — ваенізаваную групоўку і палітычную партыю, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. ЗША лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй, хоць Эўразьвяз унёс у чорны сьпіс толькі ейнае ўзброенае крыло.

Тэгеран неаднаразова заяўляў, што спыненьне агню паміж «Хэзбалой» і Ізраілем ёсьць абавязковай умовай для ягоных уласных мірных перамоваў са Злучанымі Штатамі, якія працягваюцца цяпер.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG