Трамп: дэлегацыя ЗША ляціць у Ісламабад на перамовы з Іранам

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Ілюстрацыйнае фота

Амэрыканская дэлегацыя на чале з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Джэй Ды Вэнсам вылецела ў Пакістан на мірныя перамовы з Іранам і прызямліцца ў Ісламабадзе «у найбліжэйшыя гадзіны».

Аб гэтым у інтэрвію The New York Post сказаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У інтэрвію Fox News прэзыдэнт выказаў меркаваньне, што ўжо сёньня можа быць дасягнута мірнае пагадненьне.

У Іране пры гэтым па-ранейшаму не пацьвярджаюць, што другі раунд перагавораў у Ісламабадзе адбудзецца. Прадстаўнік МЗС Ірана раніцай 20 красавіка заявіў, што зараз падрыхтоўка да такой сустрэчы не вядзецца. Пры гэтым крыніцы New York Post сьцьвярджаюць, што прадстаўнікі Ірана хітруюць і насамрэч рыхтуюцца да сустрэчы.

22 красавіка завяршаецца тэрмін двухтыднёвага перамір’я, дасягнутага раней пры пасрэдніцтве Пакістана.

  • 19 красавіка амэрыканскія вайскоўцы ўпершыню з пачатку блякады Армускай пратокі ўзялі пад кантроль іранскае грузавое судна. Іранскія ўлады назвалі захоп судна «актам пірацтва» і «парушэньнем перамір’я». 20 красавіка кіраўнік КНР Сі Цзіньпін заявіў, што заявіў, што Армуская пратока павінна заставацца адкрытай для суднаходзтва. У тэлефоннай размове са спадчынным прынцам Саудаўскай Аравіі Мухамэдам бін Салманам лідэр Кітая заявіў, што гэта «будзе адпавядаць агульным інтарэсам краін рэгіёну і міжнароднай супольнасьці».
  • ЗША і Ізраіль пачалі наносіць удары па Іране 28 лютага, галоўнай мэтай апэрацыі было названа зьнішчэньне ядзернага і ракетнага патэнцыялу краіны. Былі забіты многія іранскія прадстаўнікі ўлады, у тым ліку Алі Хаменеі — найвышэйшы кіраўнік краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША захапілі іранскі карабель, лёс перамір’я і мірных перамоваў няпэўны