Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША захапілі іранскі карабель, лёс перамір’я і мірных перамоваў няпэўны

Амэрыканскі ракетаносец раней абстраляў грузавы карабель пад іранскім сьцягам, які спрабаваў абысьці блякаду. Архіўнае фота
Амэрыканскі ракетаносец раней абстраляў грузавы карабель пад іранскім сьцягам, які спрабаваў абысьці блякаду. Архіўнае фота

Амэрыканскія войскі ў Аманскай затоцы абстралялі і захапілі вадаплаў пад іранскім сьцягам, які спрабаваў абысьці морскую блякаду ЗША.

Пра гэта паведамілі 19 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і Пэнтагон, у той час як вайсковае камандаваньне Ірану гнеўна пагражае адпомсьціць, паведамляе Радыё Фарда.

Прэзыдэнт Трамп паведаміў у Truth Social, што пасьля таго, як іранскі карабель «Туска» праігнараваў папярэджаньні аб спыненьні, ракетаносец USS Spruance «спыніў іх проста на месцы, прабіўшы дзірку ў машынным аддзяленьні».

Карабель «спрабаваў прайсьці нашу морскую блякаду, і гэта скончылася ня вельмі добра. Зараз морская пяхота ЗША трымае судна пад апекай... і аглядае тое, што знаходзіцца на борце!» — напісаў Трамп.

Тым часам вакол патэнцыйнага другога раўнду перамоваў паміж дэлегацыямі ЗША і Ірану ў Ісламабадзе, якія арганізуе Пакістан, працягваецца няпэўнасьць пасьля таго, як іранскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што Тэгеран не накіруе сваю групу на сустрэчу 20 красавіка.

Паводле афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва Ірану IRNA, Тэгеран адмовіўся ад новага раўнду мірных перамоваў празь некалькі гадзін пасьля таго, як Трамп заявіў, што яго прадстаўнікі прыбудуць у Ісламабад 20 красавіка для перамоваў пры пасярэдніцтве Пакістану.

22 красавіка набліжаецца дата заканчэньня 10-дзённага перамірʼя, узгодненага Вашынгтонам і Тэгеранам.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG