Зяленскі: У Беларусі каля ўкраінскай мяжы будуюць дарогі і ствараюць артылерыйскія пазыцыі

Уладзімір Зяляенскі, архіўнае фота

«Паводле зьвестак разьведкі, у памежжы Беларусі адбываецца разбудова дарог да тэрыторыі Ўкраіны і наладжваньне артылерыйскіх пазыцыяў», — напісаў у сваім тэлеграм-канале прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пасьля дакладу галоўнагакамандуючага ўкраінскім войскам Аляксандра Сырскага.

«Лічым, што Расея ў чарговы раз будзе спрабаваць уцягнуць у сваю вайну Беларусь», — адзначыў Зяленскі і дадаў, што «даручыў праз адпаведныя каналы засьцерагчы фактычнае кіраўніцтва Беларусі наконт гатоўнасьці Ўкраіны абараняць сваю зямлю і незалежнасьць».

Пры гэтым ён у якасьці магчымых наступстваў для кіраўніцтва Беларусі прывёў прыклад Вэнэсуэлы, верагодна, маючы на ўвазе спэцапэрацыю ЗША, у выніку якой 3 студзеня быў схоплены кіраўнік краіны Нікаляс Мадура з жонкай.

Уладзімір Зяленскі таксама зьвязаў перагрупаваньне расейскіх сілаў на фронце з падвышэньнем актыўнасьці ўзброеных сілаў у Беларусі.

«Фіксуем спробы акупацыйнага кантынгенту правесьці перагрупаваньне сілаў — найхутчэй з мэтай кампэнсаваць дэфіцыт асабовага складу. У сувязі з гэтым становіцца больш відавочным, для чаго на тэрыторыі Беларусі павысілі актыўнасьць узброеных сілаў», — гаворыцца ў допісе прэзыдэнта Ўкраіны.

На допіс Уладзіміра Зяленскага адрэагавала Сьвятлана Ціханоўская.

«Мы ня можам дазволіць дыктатару ўцягнуць Беларусь у расейскую агрэсію супраць Украіны. Любы падобны крок служыць толькі рэжыму і Крамлю. Ён не адлюстроўвае волю беларускага народу. Беларусы не прымаюць гэтай вайны і падтрымліваюць Украіну ў барацьбе за вольную, эўрапейскую будучыню», — напісала яна ў X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія войскі зьнішчаюць інфраструктуру на Адэшчыне. Украінскія сілы зноў пацэлілі па НПЗ у РасеіЖурналісты пацьвердзілі імёны 212 188 загінулых на вайне супраць Украіны расейскіх вайскоўцаўКолькасьць загінулых у выніку расейскага начнога нападу на Ўкраіну ўзрасла да 20«Фактычна гэта яшчэ адно ваеннае злачынства». Як расейскае ўварваньне пагражае бясьпецы Чарнобыльскай і Запароскай АЭС