«У Беларусі за немалую цану прапануюць купіць сядзібу, дзе спыняўся Напалеон». Такі артыкул зьявіўся 16 красавіка на беларускім навіновым сайце.
«Лот уключае самую сядзібу ХІХ стагодзьдзя ў амаль 650 квадратных мэтраў. Будучы гаспадар атрымае кузьню, былую пажарную частку і разнастайныя гаспадарчыя пабудовы. Тэрыторыя комплексу абсталяваная, ёсьць вада, каналізацыя і электрычнасьць», — рэклямуе тавар праўладны сайт.
Аднак у гэтай рэкляме, падобна, адразу некалькі фэйкаў.
Легенда пра Напалеона ў Падароску
Тое, што Напалеон Банапарт жыў або хаця б спыняўся ў Падароску, што пад Ваўкавыскам на захадзе Беларусі, — толькі легенда. Ягоны шлях у 1812 ішоў з боку Коўна і Вільні праз поўнач і цэнтар Беларусі: Глыбокае, Віцебск, Воршу, Менск і Барысаў.
«Трэба было ўсяго толькі праглядзець шлях галоўнай кватэры Напалеона ў 1812 годзе, каб зразумець, што ён ня мог быць у Падароску. Тэарэтычна ў Падароску мог быць брат Напалеона Жэром. Бо Жэром заходзіў у Горадню і шмат часу там правёў у баляваньнях і іншых забавах. А потым пайшоў на поўдзень лавіць Багратыёна, не злавіў, і Напалеон адправіў яго дадому, у Вэстфальскае каралеўства», — камэнтуе Свабодзе ананімна гісторык.
Жэром Банапарт, кароль Вэстфаліі, кіраваў правым крылом «Вялікай арміі». Войскі пад ягоным кіраўніцтвам уступілі ў бой з расейскай арміяй пад Горадняй у чэрвені 1812 году. Аднак расейцы ў выніку спалілі мост праз Нёман і здолелі адступіць.
«Брат імпэратара Жэром Банапарт затрымаўся ў Горадні, бо ён там у шампанскім купаўся, з паненкамі танчыў. І выпусьціў расейскую армію, якая здолела ад яго адарвацца», — тлумачыў раней абазнаны гісторык у гутарцы з Свабодай на 200-годзьдзе вайны 1812 году.
Няма вады і каналізацыі
Свабода пагаварыла з былым супрацоўнікам маёнтку, абазнаным у праектаваньні яго аднаўленьня і абставінах юрыдычнага працэсу (не называем ягонага імя дзеля бясьпекі. — РС). Ён заўважае, што ў абвестцы ёсьць яшчэ адзін падман: у сядзібе насамрэч няма вады і каналізацыі, як запэўніваюць пакупнікоў. Таксама туды пакуль нельга правесьці газ.
Калі сядзіба належала ранейшаму ўласьніку, расейскаму бізнэсоўцу беларускага паходжаньня Паўлу Падкарытаву, туды плянавалі правесьці камунікацыі. Аднак гэта аказалася немагчымым. Высьветлілася, што распрацаваны праект часовых збудаваньняў не пасаваў нормам санітарна-эпідэмічнага нагляду. Былы ўласьнік пачаў перарабляць праект у 2020 годзе, але скончыць не пасьпеў.
«Дабудаваць і запусьціць каналізацыю яны ня змогуць, бо яна не паводле санітарных нормаў была запраектаваная. Яны зрабілі праект датычна часовых збудаваньняў, якія спадзяваліся ўвесьці ў эксплюатацыю па спрошчанай працэдуры. Але высьветлілася, што санэпід ні ў якім разе не дапусьціць такія сеткі ў эксплюатацыю. Яны спыніліся на этапе перапраектаваньня і ўзгадненьня, таму і не запусьцілі аб’ект у 2020–2021 гадах, як плянавалі», — расказвае суразмоўца.
Сядзіба Чачотаў – Бохвіцаў у Падароску, 2022 год, архіўнае фота
Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, пасьля таго як дзяржава забрала ў прадпрымальніка гістарычны комплекс, новыя гаспадары там нічога не рабілі.
«Гэта ж немалыя грошы на праектныя працы. Райвыканкам не рабіў новага праекту, а стары, зь якім раней атрымлівалі дазвол на будаўніцтва, непрыдатны для ўводу каналізацыі», — дадае суразмоўца.
Новы праект давядзецца рабіць з нуля новаму ўласьніку. Але да гэтага «узроўню нуля» комплекс яшчэ трэба будзе давесьці.
«І пабудаваныя спаруды, магчыма, давядзецца выкопваць. Там вельмі высокія грунтовыя воды, якія замінаюць земляным працам. Давядзецца адпампоўваць ваду, каб нешта будаваць. Стан будынку вельмі пагоршыўся за апошнія чатыры гады, бо ніякіх часовых ахоўных працаў не рабілі, вільгаць, гніль», — камэнтуе абазнаная крыніца.
Чый маёнтак?
У пачатку 2024 году дзяржава сканфіскавала ў прадпрымальніка Паўла Падкарытава «Маёнтак Падароск», які ён аднаўляў цягам 10 гадоў. Прэтэнзія была ў тым, што ўласьнік ня ўвёў комплекс у эксплюатацыю яшчэ ў 2015 годзе. Гэта значыць, што ён нібыта меўся правесьці ўсе інжынэрныя дасьледаваньні будынкаў, зрабіць архітэктурна-будаўнічы праект, правесьці яго экспэртызу і выканаць усе будаўніча-рэстаўрацыйныя працы паводле праекту.
Сядзіба Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску
Але такі аб’ём працаў немагчыма зрабіць за два гады, сьцьвярджае суразмоўца Свабоды. Да таго ж у дамове не было запісана, што маёнтак пры якіх-небудзь умовах могуць забраць.
«Паводле закону гэта не магло быць падставай разрываць дамову, бо ў гаспадарчы абарот маёнтак увялі — праводзілі экскурсіі па сядзібе і парку, прадавалі сувэніры. Але не запусьцілі кавярню і гатэль, як плянавалі», — камэнтуе ён.
Цяпер сядзіба Чачотаў — Бохвіцаў фактычна належыць аддзелу культуры Ваўкавыскага райвыканкаму.
Пра тое, што маёнтак у прыватнага ўласьніка хочуць забраць, стала вядома ў канцы 2022 году. Тады некалькі супрацоўнікаў «Маёнтку Падароск» затрымалі, на іх завялі крымінальную справу нібыта за нясплату падаткаў і страхавых унёскаў. Празь пяць месяцаў усіх фігурантаў выпусьцілі зь СІЗА. Крымінальную справу ў выніку закрылі «за адсутнасьцю складу злачынства». Яна вылілася ў адміністрацыйную.
Пачым гістарычная каштоўнасьць?
Расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Падкарытаў набыў сядзібу Бохвіцаў — Чачотаў у 2013 годзе за $118 тысяч. За дзесяць гадоў ён уклаў у аднаўленьне аб’екту каля мільёна даляраў.
Калі дзяржава сканфіскавала маёнтак у інвэстара, то ў 2025 годзе спачатку выставіла яго на аўкцыён за $730 тысяч.
«Можа, хочуць вывесьці ўрэшце на базавую (велічыню) і прадаць каму з сваіх? Але гэта будзе даволі нязручны чамадан з напаўадарванай ручкай. Якая карысьць, калі амаль усё давядзецца перарабляць наноў?» — разважае суразмоўца Свабоды.
Брама маёнтка ў Падароску, архіўнае фота
Праз два месяцы стартавую цану зьнізілі ўдвая — да $370 тысяч. Але і тады прэтэндэнтаў не знайшлося. Чарговы аўкцыён прызначылі сёлета на 27 траўня, а пачатную цану зьнізілі ўжо ў пяць разоў — да $150 тысяч.