Стаў вядомы прысуд бацьку Мікіты Залатарова, якога ў 2024-м асудзілі за чат салідарнасьці з сынам

Міхаіл Лапуноў, архіўнае фота

Міхаіла Лапунова — бацьку палітзьняволенага Мікіты Залатарова, якога месяц таму выдварылі зь Беларусі — затрымалі ў жніўні 2023 году і праз год асудзілі на зьняволеньне ў калёніі. Пра тэрмін праваабаронцы даведаліся толькі цяпер — 5 гадоў узмоцненага рэжыму.

Яго чатыры разы запар адпраўлялі на 15 сутак па адміністрацыйных справах. За гэты час КДБ абвясьціў створаны Лапуновым закрыты Telegram-чат «Гомель за Никиту Золоторева» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Пасьля гэтага супраць Міхаіла ўсчалі крымінальную справу за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).

У жніўні 2024 году судзьдзя Алеся Осіпава з Гомельскага абласнога суду пакарала яго зьняволеньнем. Але пра тэрмін праваабаронцы «Вясны» даведаліся толькі цяпер — 5 гадоў.

Трымаюць Міхаіла Лапунова у ваўкавыскай калёніі строгага рэжыму № 11 для паўторна асуджаных.

Ягонага сына, Мікіту Залатарова, затрымалі 11 жніўня 2020 году, калі хлопцу было яшчэ 16 гадоў. 19 сакавіка 2026 году яго памілавалі і выдварылі з краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што вывезеныя ў Літву палітвязьні сказалі журналістам. ВІДЭА, ФОТА