«Фактычна гэта яшчэ адно ваеннае злачынства». Як расейскае ўварваньне пагражае бясьпецы Чарнобыльскай і Запароскай АЭС

Чарнобыльская АЭС. Ілюстрацыйнае фота.

Саркафаг на Чарнобыльскай АЭС можа абваліцца, папярэджвае ўкраінскае аддзяленьне Greenpeace. Экспэрты апублікавалі даклад напярэдадні 40-х угодкаў аварыі.

Паводле дадзеных арганізацыі, саркафаг неабходна дэмантаваць як мага хутчэй, аднак пакуль гэта немагчыма праз пашкоджаньні Новага бясьпечнага канфайнменту. Так называецца ахоўны купал, які накрывае стары саркафаг і разбураны рэактар. Ён быў пабудаваны, каб перадухіліць уцечкі радыяцыі і далейшыя абвалы канструкцый. Летась у лютым, паводле зьвестак Украіны, канфайнмент пашкодзіў расейскі дрон. Крэмль гэтыя абвінавачаньні адмаўляў. Тым ня менш рамонт масіўнага ахоўнага купала застаецца цэнтральным пытаньнем, бо яго аднаўленьне ацэньваецца ў сотні мільёнаў даляраў. Паводле слоў старэйшага ядзернага спэцыяліста Greenpeace Ukraine Шона Берні, тое, што адбылося, мае сур’ёзныя наступствы для бясьпекі, бо для ядзернай катастрофы не існуе тэрміну даўнасьці.

Шон Берні ў інтэрвію Ксеніі Сакалянскай з «Настоящего Времени» таксама расказаў пра пачатак поўнамаштабнай вайны, калі расейская армія акупавала АЭС, як вайскоўцы разрабавалі і разьбілі абсталяваньне Экацэнтра на мільёны эўра, а таксама пра іншыя наступствы вайны.

— У сьнежні мінулага года Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю па Чарнобылі — аб міжнародным супрацоўніцтве ў сфэры мінімізацыі наступстваў катастрофы. Праз 40 гадоў пра якія менавіта наступствы мы ўсё яшчэ гаворым, і ці існуе ўвогуле тэрмін даўнасьці для ядзернай катастрофы?

— На жаль, як для тых, хто кіруе Чарнобыльскай атамнай станцыяй у межах дзяржаўных структур, так і для людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыля — а гэта мільёны людзей, асабліва ва Ўкраіне, — ядзерная катастрофа, па сутнасьці, ня мае канца, бо ў навакольнае асяродзьдзе былі выкінутыя велізарныя аб’ёмы радыеактыўнасьці. Вельмі важна, што ААН прымае такія рэзалюцыі, прызнаючы наступствы Чарнобыля, але, на жаль, для ядзернай катастрофы сапраўды не існуе тэрміну даўнасьці.

— Калі я правільна разумею, адной з падстаў для гэтай рэзалюцыі стала пашкоджаньне новага бясьпечнага канфайнменту, аркі над разбураным рэактарам, пасьля ўдару расейскага дрона ў лютым мінулага года. Які цяпер стан гэтага збудаваньня?

— Вы цалкам маеце рацыю. 14 лютага, крыху больш за год таму, прамы ўдар расейскага дрона «Шахед» трапіў у Новы бясьпечны канфайнмент. Ён прабіў адтуліну ў даху і ўнутранай абшыўцы збудаваньня, што прывяло да пажару і сур’ёзных пашкоджаньняў. Ліквідацыя наступстваў можа заняць яшчэ шмат гадоў, магчыма — дзесяцігодзьдзі. Украінскія ўлады і аварыйныя службы патушылі пажар, залаталі прабоіны, але маштаб наступстваў усё яшчэ ацэньваецца, і далейшыя крокі пакуль не вызначаныя.

Саркафаг пасьля ўдару расейскім дронам

Плянавалася, што гэтае збудаваньне будзе функцыянаваць каля 100 гадоў. Унутры канфайнменту знаходзяцца разбураны рэактар № 4 і аб’ект «Укрыцьцё», узьведзены ў канцы 1986 года. Усё гэта неабходна кантраляваць, абслугоўваць, у пэрспэктыве выводзіць з эксплуатацыі і дэмантаваць. Аднак наўмысны ўдар Расеі, як і яе атакі па ўсёй Украіне, па энэргасыстэме краіны, а таксама акупацыя Запарожжа, дэманструюць злачынныя паводзіны расейскай дзяржавы, расейскай ядзернай галіны і «Расатама».

— У першыя тыдні поўнамаштабнага ўварваньня ў 2022 годзе расейскія войскі акупавалі Чарнобыльскую станцыю больш як на месяц. Што цяпер вядома пра наступствы той акупацыі?

— Так, 24 лютага, у першы дзень поўнамаштабнага ўварваньня, гэта былі ня толькі расейскія вайскоўцы, але і прадстаўнікі «Расатама». Гэта была сплянаваная апэрацыя пры падтрымцы дзяржаўнай ядзернай карпарацыі Расеі. У канцы сакавіка — пачатку красавіка расейскія войскі пакінулі Чарнобыль. За гэты час адбывалася запалохваньне: украінскія супрацоўнікі не маглі пакінуць станцыю, на іх ціснулі. На ЧАЭС зьнікала электразабесьпячэньне.

Расейскія вайскоўцы таксама зьнішчылі і разрабавалі ключавое абсталяваньне, пашкодзілі тэхніку Экацэнтра — установы, якая адказвае за кантроль навакольнага асяроддзям у зоне адчужэньня. Мы наведалі Чарнобыльскую зону ў ліпені 2022 года па запрашэньні ўкраінскага ўрада і на ўласныя вочы пабачылі маштаб шкоды — дзясяткі мільёнаў эўра. Мы таксама былі ў лягеры, які знаходзіўся за некалькі кілямэтраў ад станцыі, на ўскрайку так званага Рыжага лесу — тэрыторыі з высокім узроўнем радыяцыі. Былі відавочныя сьведчаньні таго, што расейскія вайскоўцы перамяшчаліся па гэтай зоне, парушаючы бясьпеку.

Гэта вельмі складанае і высокарадыеактыўнае асяродзьдзе. І тое, што зрабіла Расея, уключаючы мініраваньне тэрыторый, сур’ёзна паўплывала на магчымасьці ўкраінскіх уладаў кантраляваць сытуацыю.

— Ці вы былі там пасьля гэтага?

— Так, думаю, тройчы за апошні год. У 2024 годзе я наведаў Новы бясьпечны канфайнмент разам з прадстаўнікамі ААН — за шэсьць месяцаў да ўдару расейскага дрона. Улады Чарнобыля далі нам доступ, каб ацаніць, як вайна ўплывае на працу станцыі і як украінскія структуры рэагуюць на гэтыя выклікі. Уся чарнобыльская праграма была калясальна закранута вайной. Тысячы супрацоўнікаў, якія жывуць у Славуцічы і раней штодня езьдзілі на працу на станцыю, цяпер вымушаныя дабірацца праз Кіеў, бо прамы маршрут праз Беларусь больш немагчымы.

— Гэтая вайна адкінула ўсіх назад. Дзе мы цяпер у працы над наступствамі чарнобыльскай катастрофы?

— Яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня заставалася шмат сур’ёзных задач, якія былі цяжкімі фінансава нават для Украіны. Чарнобыльская катастрофа — гэта міжнародная ядзерная катастрофа. Новы бясьпечны канфайнмент фінансаваўся дзясяткамі дзяржаў, але не Расеяй, якая з’яўляецца адным з галоўных вінаватых у трагедыі. І гэты канфайнмент — не канец гісторыі. Гэта толькі завяршэньне аднаго этапу. Наперадзе яшчэ кіраваньне ўсім, што знаходзіцца ўнутры, вывад з эксплуатацыі іншых рэактараў, праца з ядзернымі адходамі. Таму міжнародная супольнасьць павінна падтрымліваць Украіну: фінансава, экспэртна, тэхнічна.

— Як сустракаецца 40-я гадавіна аварыі, калі побач ідзе вайна?

— Упершыню я быў у Чарнобылі 30 гадоў таму. Тады немагчыма было ўявіць, што будзе ваеннае ўварваньне і што дзяржаўная ядзерная карпарацыя будзе ўдзельнічаць у захопе атамнай станцыі. Але сёньня, праз больш як чатыры гады вайны, мы ўсё яшчэ маем справу з расейскай акупацыяй Запароскай АЭС. Расея працягвае пагражаць ядзернай інфраструктуры Ўкраіны, атакаваць яе, утрымліваць пад кантролем Запароскую станцыю — і ўсё гэта практычна без сур’ёзных санкцый.

Сумесныя вучэньні ўзброеных сіл Украіны, нацыянальнай гвардыі, пагранічнай службы і СБУ на мяжы з Беларусьсю недалёка ад Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у закінутым горадзе Прыпяць, Украіна, 20 студзеня 2023 года. Фота REUTERS

— Навіны пра адключэньні электрасілкаваньня на Запароскай АЭС, удары дронаў і абстрэлы сталі руцінай. Вас гэта палохае?

— Гэта не пытаньне страху. Гэта пастаянны шок ад таго, што такія падзеі сталі амаль будзённасьцю. Мы апублікавалі аналіз апошніх 12 месяцаў — з лютага 2025 па люты 2026 года — пра наўмысныя адключэньні Запароскай АЭС ад электрасеткі. І ў кожным выпадку расейскі бок сьцьвярджаў, што гэта нібыта вынік дзеяньняў украінскіх войскаў. Але мы ведаем, што гэта хлусьня і дэзынфармацыя. Існуе абавязак называць рэчы сваімі імёнамі. Вінаваты бок тут адзін — расейская дзяржава, адміністрацыя Пуціна і дзяржаўная карпарацыя «Расатам».

Запароская АЭС. 1 верасьня 2022

— У чым ваша галоўная місія падчас паездак ва Ўкраіну?

— Мы працуем з супольнасьцямі на лініі фронту, у Нікапальскім раёне, якія штодня церпяць ад удараў, дронаў, абстрэлаў, касэтных бомбаў. Для Greenpeace вельмі важна быць побач з гэтымі людзьмі, гаварыць пра радыяцыйныя рызыкі, дапамагаць ім рыхтавацца і абараняцца. Адначасова мы расьсьледуем дзеяньні Расеі, аказваем ціск на эўрапейскія ўрады, заклікаем міжнародную супольнасьць падтрымліваць Украіну, супрацьстаяць агрэсіі і ўводзіць санкцыі. Гэта частка нашай штодзённай працы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як ідзе рамонт саркафагу Чарнобыльскай АЭС пасьля ўдару расейскага дрона. ВІДЭА