Як паведаміла ведамства, на просьбы неабыякавых грамадзян адмыслоўцы МАРГ прааналізавалі дынаміку цэнаў на аўтамабіль Belgee S50. Высьветлілася, што ў канцы 2025 году гэты аўтамабіль прадаваўся па цэнах ад 52,9 да 60,9 тыс. рублёў у залежнасьці ад камплектацыі.
У 2026 годзе, аднак, вытворца пачаў рэклямную кампанію пад назвай «Новыя цэны», умовамі якой прадугледжваліся аднаразовыя зьніжкі ад 4700 да 6900 рублёў у залежнасьці ад камплектацыі аўтамабілю. Пры гэтым цана аўтамабіля ўжо была пазначаная ў дыяпазоне ад 58,2 да 67,8 тыс. рублёў, ад гэтай сумы адлічвалася зьніжка.
Гэта значыць, нягледзячы на заяўленую зьніжку, раздробны кошт аўтамабіля застаўся на ўзроўні цаны з моманту вываду мадэлі на рынак (са сьнежня 2024 году).
«Распаўсюд падобных зьвестак можа ўводзіць спажыўцоў у зман адносна рэальнага зьніжэньня кошту тавару і меркаванай выгады ад пакупкі, што зьмяшчае прыкметы парушэньня заканадаўства аб рэкляме і абароне правоў спажыўцоў», — гаворыцца ў паведамленьні МАРГ.
Ведамства папярэдзіла «Белджы» «аб недапушчальнасьці падобных прыёмаў прасоўваньня тавару.
Колькасьць кітайскіх легкавых аўтамабіляў у Беларусі расьце. Калі ў 2019 годзе маркі «Белджы» і Geely статыстычна складалі 10,7% у долі продажу новых машын у краіне, то за студзень–верасень 2025 году — 50,7%, то бок больш за палову рынку. Атрымліваецца, што продажы кітайскіх брэндаў за 6 гадоў вырасьлі ў 5 разоў. 26,4% складаюць машыны расейскай маркі Lada.