У ААН зноў заклікалі Беларусь адмовіцца ад перасьледу за «прапаганду» ЛГБТ, бязьдзетнасьці і зьмены полу

Дзяржаўныя сьцягі ля будынку Рады правоў чалавека ААН у Жэнэве, архіўнае фота

Экспэрты Арганізацыі Аб’яднаны Нацый мяркуюць, што падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 15 красавіка закон аб увядзеньні пакараньня за «прапаганду» гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу прывядзе да інстытуцыяналізацыі дыскрымінацыі і значнага павелічэньня рызыкі рэпрэсій.

«Беларусь павінна прыпыніць увядзеньне гэтага закону ў дзеяньне, скасаваць дыскрымінацыйныя палажэньні і забясьпечыць поўную адпаведнасьць заканадаўства і прававой практыкі міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека», — заявілі экспэрты ААН.

Паводле іх, закон зьяўляецца «небясьпечнай эскаляцыяй», які прыраўноўвае правамерную праваабарончую дзейнасьць да адміністрацыйнага правапарушэньня і можа дадаткова стварыць падставы для перасьледу ўжо маргіналізаваных груп і абаронцаў іх правоў.

У ААН мяркуюць, што што расплывістыя і празьмерна шырокія фармулёўкі закону могуць прывесьці да яго адвольнага прымяненьня і далейшага звужэньня грамадзянскай прасторы.

«Зьмешваючы праваабарончую дзейнасьць і інфармацыю аб сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці і рэпрадуктыўнай аўтаноміі з адміністрацыйнымі правапарушэньнямі, улады падсілкоўваюць прадузятасьць і легітымізуюць дыскрымінацыю», — заявілі экспэрты.

Экспэрты нагадалі, што падобныя абмежаваньні свабоды выказваньня думак неаднаразова прызнаваліся несумяшчальнымі зь міжнародным правам. Пры гэтым яны зьвярнулі ўвагу на тое, што закон ухвалілі на тле паведамленьняў аб перасьледзе, рэйдах і запалохваньні прадстаўнікоў ЛГБТ.

«Гэтыя захады могуць закрануць жанчын і іх правы ў галіне сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, якія зьяўляюцца неад’емнымі для іх аўтаноміі і годнасьці і ўяўляюць сабой неабходную ўмову для рэалізацыі ўсіх іншых правоў чалавека. Беларусь абавязаная паважаць, абараняць і забясьпечваць правы жанчын і дзяўчат на свабодны і інфармаваны выбар у пытаньнях сэксуальнасьці і рэпрадукцыі, бяз гвалту, прымусу і стыгматызацыі», — адзначылі экспэрты.

Паводле іх, закон можа паўплываць на жанчын, якія выступаюць за правы ў сфэры сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, а таксама на асобаў, якія навучаюць такому здароўю, на мэдычных супрацоўнікаў і грамадзянскую супольнасьць. Людзей могуць караць толькі за выказваньне сваёй ідэнтычнасьці або распаўсюд інфармацыі, неабходнай для здароўя, годнасьці і роўнасьці.

Экспэрты мяркуюць, што закон выклікае занепакоенасьць датычна доступу трансгендэрных асобаў да мэдычных прэпаратаў. Апроч таго, экспэрты мяркуюць, што ўвядзеньне пакараньня за «незаконнае прадстаўніцтва» Беларусі на міжнародных мерапрыемствах накіравана супраць палітычных актывістаў і праваабаронцаў, уключна з тымі, якія ўзаемадзейнічаюць з ААН і іншымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне правоў чалавека.

Экспэрты ААН заявілі, што такія захады могуць кваліфікавацца як рэпрэсіі і могуць прывесьці да парушэньня свабоды выказваньня думак, аб’яднаньняў і права на ўдзел у іх.

Раней, трэцяга сьнежня 2025 году, экспэрты ўжо зьвярталіся з гэтай нагоды да ўраду Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі стала злачынствам «прапаганда» гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу

У 2025 годзе беларускія праваабаронцы прааналізавалі законапраект аб «прапагандзе гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу» і адзначылі, што ён супярэчыць Канстытуцыі.

Дзеяньні ўладаў праўнікі праваабарончых арганізацый разглядалі як «адкрыты напад на правы чалавека і асабістыя свабоды, уключаючы свабоду выказваньня меркаваньняў». На іх думку, забарона на «фармаваньне ўяўленьняў аб прывабнасьці» пэўных аспэктаў асабістага жыцьця (сэксуальнай арыентацыі, гендэрнай ідэнтычнасьці, рэпрадуктыўнага выбару) «ўскосна канстатуе іх няправільнасьць, і фактычна незаконнасьць».

Згадваньне пэдафіліі ў адным шэрагу з гомасэксуальнасьцю, трансгендэрнасьцю і бязьдзетнасьцю праваабаронцы назвалі «яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве».

Беларускі закон ёсьць, у істоце, калькай з расейскага. І расейская практыка ўжо паказвае, куды гэта вядзе: нават вясёлку на пачку марозіва абвясьцілі «прапагандай гомасэксуальных адносін».