Улады скасавалі яшчэ адзін фэстываль нацыянальнай культуры. Ён меў амаль 60-гадовую гісторыю

Сёлетняя афіша скасаванага міжнароднага фэстывалю «Браслаўскія зарніцы»

Браслаўскі раённы выканаўчы камітэт скасаваў сваё рашэньне «Аб арганізацыі і правядзеньні Міжнароднага сьвята традыцыйнай культуры „Браслаўскія зарніцы“».

Як адзначаецца ў апублікаваным 16 красавіка на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньні, ухваленым 11 сакавіка, яно было ўзгоднена зь іншымі арганізатарамі фэстывалю — зь Міністэрствам культуры, Віцебскім аблвыканкамам, Віцебскім абласным мэтадычным цэнтрам народнай творчасьці і Браслаўскім раённым аб’яднаньнем музэяў.

Адметна, што на сайце Браслаўскага райвыканкаму дагэтуль застаецца абвестка, у якой да ўдзелу ў фэстывалі, які мусіў прайсьці сёлета 22–24 траўня, запрашаюць прадстаўнікоў іншых краін. Заявы на ўдзел прымалі да 1 сакавіка.

«Браслаўскія зарніцы» вядуць сваю гісторыю з 1967 году, а з 2009-га фэстываль набыў статус міжнароднага. У ім традыцыйна ўдзельнічалі танцоры, музыкі, выканаўцы песень з розных рэгіёнаў Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі.

У межах фэстывалю з 2012 году праводзілі і сьвята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава». Беларускі бок кампэнсаваў удзельнікам усе транспартныя выдаткі, забясьпечваў харчаваньне. Плянавалася, што сёлета праграму «Браслаўскіх зарніцаў» адкрые тысячны зводны хор.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму ў Беларусі масава скасоўваюць музычныя фэстывалі і пры чым тут нявестка Лукашэнкі

Сёлета стала вядома, што ў Беларусі скасавалі адразу чатыры буйныя фэстывалі — Festiwow у Менску, нясьвіскі Wostrau, прарасейскае «Солнцестояние» ў Пружанах і Lidbeer. Гэтым летам у краіне пройдуць толькі адзінкавыя фэстывалі. У Браславе на 24–25 ліпеня заплянавалі фэстываль Viva Braslav, арганізатар якога — прыватная кампанія «Левол груп».

Цяпер у Беларусі арганізоўваць фэстывалі і канцэрты могуць толькі кампаніі зь сьпісу, які зацьвярджаюць улады. Сьпіс даступны на сайце Міністэрства культуры, у ім 258 назваў, у асноўным дзяржаўных арганізацыяў накшталт тэатраў, дамоў культуры, абласных філярмоніяў. Ёсьць у гэтым сьпісе і прыватныя кампаніі, як «Музычная медыякампанія» Ганны Сялук, нявесткі Аляксандра Лукашэнкі і яшчэ шэраг прыватных арганізатараў. Аднак нават уключэньне ў гэты сьпіс не ратуе ад забароны фэстывалю. Напрыклад, скасаваны сёлета Festiwow летась арганізоўваў Палац спорту, дзяржаўная ўстанова, якая ёсьць у сьпісе Міністэрства культуры.