Зь пераліку таленавітай моладзі цяпер будуць выключаць за навучаньне за мяжой і датычнасьць да «экстрэмізму»

Беларускія студэнты на лекцыі. Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства адукацыі Беларусі зьмяніла парадак фармаваньня, вядзеньня і выкарыстаньня банкаў зьвестак таленавітай моладзі, прадстаўнікі якой маюць ільготы або атрымліваюць стыпэндыі Аляксандра Лукашэнкі.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, цяпер дадалі яшчэ шэсьць падставаў, каб выключыць чалавека зь сьпісу.

Сярод іх:

  • адлічэньне з навучаньня;
  • атрыманьне адукацыі або дзейнасьць за межамі Беларусі, з выняткам тых, каго дзяржава накіравала на такое навучаньне або ў службовую камандзіроўку;
  • атрыманьне ад замежных дзяржаваў дакумэнтаў, якія даюць права на льготы або перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі ці нацыянальнай прыналежнасьцю, і адпаведна — за карыстаньне такімі льготамі;
  • за злачынствы «экстрэмісцкай» накіраванасьці, цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы;
  • за адміністрацыйныя правапарушэньні, зьвязаныя з парушэньнямі парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў, з прапагандай або публічнай дэманстрацыяй і распаўсюдам нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі;
  • за іншыя дзеяньні, якія наносяць шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам і накіраваныя на дыскрэдытацыю і непаважлівае стаўленьне да дзейнасьці фондаў.


Цяпер прадстаўнікоў адоранай і таленавітай моладзі, уключаных у адпаведныя пералікі, заахвочваюць рознымі льготамі пры паступленьні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі, матэрыяльнымі выплатамі, наданьнем жылога памяшканьня ў інтэрнаце, магчымасьцю выбару першага працоўнага месца і прызначэньнем стыпэндыяў Аляксандра Лукашэнкі зь яго спэцыяльных фондаў.

Цяпер дзейнічаюць два спэцыяльныя фонды — падтрымкі таленавітай моладзі і сацыяльнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, створаныя ў студзені 1996 году двума рознымі ўказамі Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, за кошт сродкаў першага фонду заахвочваньні атрымалі 4518 грамадзян і 359 калектываў, а другога — 41 943 навучэнцы і студэнты, 4066 пэдагагічных і навуковых супрацоўнікаў, якія зрабілі асаблівы ўнёсак у разьвіцьцё здольнасьцяў адоранай моладзі.

Пастанову ўхвалілі 2 красавіка. Яна набыла юрыдычную моц з 16 красавіка, калі яе тэкст афіцыйна апублікавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Што рабіць студэнтам, выкладчыкам і бацькам, зьвязаным з ЭГУ? Пагаварылі з экспэртамі  

14 красавіка стала вядома, што Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў зварот Генэральнай пракуратуры і прызнаў Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт разам з усімі яго структурнымі падразьдзеламі «экстрэмісцкай» арганізацыяй. З агульнага ліку студэнтаў — чвэрць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прызначыў свайму сыну Мікалаю стыпэндыю як адоранаму студэнту