У Турэччыне — другі выпадак страляніны ў школе за два дні. Ёсьць ахвяры

Людзі выскоквалі з вокнаў другога паверху, каб уратавацца ад нападніка

14-гадовы падлетак, узброены пяцьцю пісталетамі, адкрыў агонь у турэцкай школе ў сераду. У выніку нападу загінулі дзевяць чалавек, 13 атрымалі раненьні. Вучні выскоквалі з вокнаў, каб уратавацца, перадае AFP.

Гэтая атака ў паўднёвай правінцыі Кахраманмараш стала ўжо другім падобным выпадкам за апошнія два дні, што шакавала краіну, дзе страляніна ў школах зьяўляецца рэдкай зьявай.

З 13 параненых шасьцёра знаходзяцца ў рэанімацыі, стан траіх зь іх ацэньваецца як крытычны.

«Вучань прыйшоў у школу з зброяй у заплечніку. Мы мяркуем, што пісталеты належалі ягонаму бацьку. Ён зайшоў у дзьве клясы і ўсчаў бязладную страляніну», — паведаміў губэрнатар правінцыі Мюкерэм Унлюер.

Каб уратавацца, вучні выскоквалі з вокнаў другога паверху.

Паводле губэрнатара, нападнік быў сынам былога паліцыянта. У яго было пяць пісталетаў і сем магазынаў да іх. Ён загінуў ад сваёй жа кулі.

«Пакуль не да канца зразумела, ці было гэта наўмыснае самагубства, ці стрэл адбыўся выпадкова сярод агульнага хаосу», — дадаў Унлюер.

Паліцыя затрымала бацькоў нападніка, паведаміла афіцыйнае агенцтва Anadolu.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Страляніна ў ліцэі ў Турэччыне: каля 20 параненых

Днём раней 18-гадовы юнак адкрыў агонь з драбавіка ў ліцэі, дзе вучыўся раней. Ён параніў 16 чалавек, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам падчас сутыкненьня з паліцыяй.

У Турэччыне строгія законы што да захоўваньня зброі. Да гэтага тыдня выпадкі школьнай страляніны ў краіне фіксаваліся вельмі рэдка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядома пра два выпадкі суіцыду беларускіх школьнікаў — у Менску і Берасьці