Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома пра два выпадкі суіцыду беларускіх школьнікаў — у Менску і Берасьці

Школа ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Школа ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Генэральная пракуратура Беларусі раней называла суіцыд адной з галоўных прычынаў гібелі дзяцей.

Вучань 11 клясы менскай школы № 208 скончыў жыцьцё самагубствам. Пра гэта паведаміла «Люстэрка» з спасылкай на свае крыніцы. Трагедыя адбылася ў пэрыяд 14–15 лютага, па факце сьмерці школьніка сьледчыя праводзяць праверку, паведамляе інтэрнэт-выданьне. Гэта яму пацьвердзілі ў адміністрацыі школы:

«Я вам не магу сказаць, бо зараз ідзе сьледзтва. Але прычына там крыху ў іншым. Зразумела, там нейкі комплекс фактараў, то бок нельга сказаць, што нешта адно стала прычынай. Разумееце, кожнае дзіця і кожны выпадак індывідуальны. Але я вам хачу сказаць, што гэта не датычыць цкаваньня нейкага... Проста дзіця ня справілася з сытуацыяй пэўнай. Гэта 11-я кляса», — сказала прадстаўніца школьнай адміністрацыі.

Гэта ня першая падобная трагедыя апошніх дзён з навучэнцамі школаў Беларусі, пра якія паведамляюць незалежныя мэдыя. У сярэдзіне лютага, паводле таго ж выданьня «Люстэрка», у Берасьці загінуў вучань 10-й клясы сярэдняй школы № 35. Паводле паведамленьняў у сацыяльных сетках, падлетак скончыў жыцьцё самагубствам, імаверна, праз цкаваньне ў школе, пра што напісаў у перадсьмяротнай запісцы. Пра падлетка вядома, што ён вучыўся ў кадэцкай клясе з дадатковым вывучэньнем вайсковай справы.

У афіцыйных крыніцах МУС Беларусі і Сьледчага камітэту інфармацыі пра гэтыя здарэньні няма.

Раней падобная бяда была ў Плешчаніцах, дзе ў кастрычніку 2025 году скончыў жыцьцё самагубствам вучань мясцовай школы. Інфармацыя пра гэта зьявілася ў мясцовым тэлеграм-канале «Наш родны край Лагойск», зьвязаны з раённай газэтай. Як паведаміў канал, загінулы школьнік вучыўся ў 9-й класе. Калі менавіта здарылася трагедыя і што стала яе прычынай, невядома.

Генэральная пракуратура Беларусі раней называла суіцыд адной з галоўных прычынаў гібелі дзяцей. Аналізуючы праблему, адмыслоўцы стварылі «партрэт» непаўналетняга, які зьдзейсьніў суіцыд. Згодна зь ім, больш як палова (51,4%) выпадкаў суіцыдаў сярод непаўналетніх прыпадае на падлеткаў 15–17 гадоў, яшчэ 28,6% — на дзяцей ад 10 да 14 гадоў. Пры гэтым гіне аднолькавая колькасьць хлопчыкаў і дзяўчат.

Адмыслоўцы зьвяртаюцца да падлеткаў з напамінам: калі вы апынуліся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі і ўзьнікаюць думкі аб суіцыдзе, ведайце, што выйсьце заўсёды ёсьць. Зьвярніцеся па дапамогу на тэлефоны даверу, якія працуюць дзень і ноч, ананімна і бясплатна.

  • Менск: +375 17 352−44−44;
  • Берасьцейская вобласьць: +375 16 225−57−27;
  • Віцебская вобласьць: +375 21 261−60−60;
  • Гомельская вобласьць: +375 23 231−51−61;
  • Горадзенская вобласьць: +375 15 275−23−90;
  • Менская вобласьць: +375 17 270−24−01;
  • Магілёўская вобласьць: + 375 22 271−11−61.
XS
SM
MD
LG