Трамп заявіў, што Кітай пагадзіўся не пастаўляць зброю Ірану

Дональд Трамп і Сі Цзіньпінь

Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Кітай дамовіўся з Вашынгтонам не пастаўляць зброю Ірану. Аб гэтым Дональд Трамп напісаў у сацсетцы Truth Social.

«Кітай вельмі рады, што я назаўжды адкрываю Армускую пратоку. Я раблю гэта і для іх — і для ўсяго сьвету. Такая сытуацыя больш не паўторыцца. Яны дамовіліся не пастаўляць зброю Ірану», — зазначыў Трамп.

Ён таксама паведаміў аб плянах наведаць Кітай у бліжэйшыя тыдні і сустрэцца з кіраўніком КНР Сі Цзіньпінам, адзначыўшы, што супрацоўніцтва паміж краінамі лепшае, чым бойка.

Раней Трамп папярэджваў, што ў Кітая ўзьнікнуць «вялікія праблемы» ў выпадку паставак зброі Ірану, і пагражаў Пэкіну дадатковымі пошлінамі.

Пры гэтым крыніцы тэлеканала CNN паведамлялі, што амэрыканская выведка дапускае магчымыя пастаўкі Ірану кітайскіх сыстэм СПА, у тым ліку пераносныя зэнітныя комплексы. Пэкін гэтыя абвінавачаньні адпрэчыў.

У сваю чаргу The Wall Street Journal піша, што ЗША і Іран абмяркоўваюць правядзеньне другога раўнда перамоваў. Па словах суразмоўцаў выданьня, бакі пакуль не ўзгаднілі дату, і «прагрэс ідзе марудна».

Пакістанскія крыніцы паведамляюць, што сустрэча можа прайсьці ў Ісламабадзе ў канцы наступнага тыдня пры пасярэдніцтве Пакістана. У амэрыканскую дэлегацыю могуць увайсьці віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс, спэцпасланьнік Стыў Уіткоф і саветнік прэзыдэнта ЗША Джарэд Кушнер.

Іран, як чакаецца, прадставяць сьпікер парлямэнта Махамад Галібаф і кіраўнік МЗС Абас Аракчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі стала злачынствам «прапаганда» гомасэксуальнасьці, бязьдзетнасьці і зьмены полу