Чарговыя праблемы па прылёце ў аэрапорт Эрэвану блогер Аляксандар Лапшын займеў 5 красавіка. Яго традыцыйна затрымалі на пашпартным кантролі. Аднак гэтым разам паведамілі, што ўезд у краіну Лапшыну забаронены цалкам і блогер мусіць пакінуць тэрыторыю Армэніі. З словаў Аляксандра, ніякага дакумэнта з тлумачэньнем прычыны забароны на ўезд армянскія памежнікі яму не далі.
«Мяне проста не пусьцілі ў Армэнію фізычна, – расказвае Аляксандар Лапшын Свабодзе. – Была яшчэ невялічкая перадгісторыя. У мяне ізраільскі пашпарт. Зь ім у Армэнію ў прынцыпе патрэбная электронная віза. Я падаўся на яе онлайн і атрымаў — упершыню ў жыцьці — адмову. Яна афармляецца онлайн, каштуе каля 6 эўра. Адказ звычайна прыходзіць цягам некалькіх гадзінаў. Упершыню ў жыцьці за ўсе дзесяць гадоў, што я ежджу ў Армэнію, я атрымаў адмову»
Паведамленьне з адмовай у атрыманьні армянскай электроннай уяздной візы, якое атрымаў блогер Аляксандр Лапшын
У выніку Лапшын зь сям’ёй вырашыў ляцець у Эрэван без электроннай візы і паспрабаваць атрымаць на месцы звычайную. Такая працэдура таксама існуе. Аднак яму адмовілі. У Эрэване, дзе блогер зь сям’ёй пражыў каля трох гадоў і займаўся у тым ліку гуманітарнымі праектамі, мае шмат сяброў і знаёмых, засталася арандаваная ім кватэра і асабістыя рэчы.
«Афіцыйна забарону на ўезд мне патлумачылі тым, што падчас папярэдняга візыту ў Армэнію я браў інтэрвію ў былога армянскага ваеннапалоннага Геворга Судж’яна, – гаворыць Аляксандар. – Ён мне расказваў, як яго білі ў азэрбайджанскім палоне, на відэа. Я відэа апублікаваў. І зараз мне сказалі, што такія відэа, дзе расказваецца пра катаваньні ў азэрбайджанскіх турмах, шкодзяць даверу паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. Нейкі абсурд. Я тут пры чым? Сам жаўнер гэта расказваў».
З словаў Аляксандра, у прыватных размовах супрацоўнікі армянскіх праваахоўных органаў расказалі яму іншую вэрсію прычыны забароны на ўезд. У ёй фігуруе Беларусь.
«Мне сказалі, што ўсім надакучылі мае затрыманьні і абскарджаньні затрыманьняў падчас прыездаў у Эрэван, – гаворыць Аляксандар. – І што, маўляў, усім будзе прыемней і прасьцей, калі мяне проста ня пусьцяць больш у Армэнію. З гэтым зрабіць я нічога не магу. Я не грамадзянін Армэніі, яны маюць права не пусьціць мяне. Але для мяне відавочна, што пасьля таго, як мяне на запыт Беларусі затрымлівалі сем разоў, армянскім памежнікам гэта ўсё надакучыла».
Праблемы ва ўзаемаадносінах з афіцыйным Менскам пачаліся ў Аляксандра Лапшына ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі. Прычынаю стала крымінальная справа, заведзеная на Лапшына ў Азэрбайджане за наведваньне тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую на той момант Баку не кантраляваў. І хоць вызваліць Лапшына прасілі і ў Маскве, і ў Ізраілі, Менск перадаў блогера ў Азэрбайджан. Там Лапшына асудзілі на тры гады, а ў верасьні 2017 блогера асабіста памілаваў Ільхам Аліеў, дазволіўшы выехаць у Ізраіль.
Пасьля вызваленьня Аляксандар Лапшын падаў на дзеяньні ўладаў Беларусі скаргу ў ААН, дзе парушэньне яго правоў прызналі. Пра дзеяньні беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі асабіста ён пісаў і гаварыў усё, што думае. Вылілася гэта ў новыя праблемы. Першы раз на запыт уладаў Беларусі Лапшына затрымалі ў Армэніі ў верасьні 2024 году. Тады яму паведамілі, што Менск яго абвінавачвае паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і адпусьцілі праз чатыры гадзіны. Генэральная пракуратура Армэніі афіцыйна адмовіла Беларусі ў выдачы Лапшына.
Пасьля таго выпадку Аляксандар Лапшын быў у Армэніі яшчэ некалькі разоў, прыяжджаў і выяжджаў без праблемаў — да траўня 2025-га, калі пасьля чарговага затрыманьня ў аэрапорце Аляксандар вырашыў выключыць сваё імя зь «беларускага злачыннага сьпісу», падаўшы пазоў у армянскі суд. У лютым 2026 году армянскі суд прызнаў, што абвінавачаньні Беларусі ў адрас Аляксандра Лапшына супярэчаць армянскім юрыдычным нормам, але спыніць затрыманьні блогера падчас візытаў у Армэнію немагчыма. А сам Лапшын можа гэта зрабіць, калі зьвернецца з прэтэнзіямі наўпрост да ўладаў Беларусі.
Апошні раз да поўнай забароны наведваньня Армэніі Лапшына затрымлівалі ў аэрапорце Эрэвану ў сакавіку. Тады абышлося некалькімі гадзінамі.
Аляксандар прызнаецца, што на гэты раз у яго не засталося юрыдычных спосабаў скасаваць забарону. Ён падаў запыт у Памежную службу Армэніі з просьбай пісьмова патлумачыць прычыны такога кроку ў дачыненьні да яго. Адказу пакуль не атрымаў. Свабода таксама накіравала ў праваахоўныя органы Армэніі просьбу пракамэнтаваць магчымы ўдзел уладаў Беларусі ў забароне на ўезд у краіну грамадзяніну Ізраілю Лапшыну. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.