Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адвакат быў у шоку». Суд вынес рашэньне аб пазове Аляксандра Лапшына. Яго супрацьстаяньне з уладамі Беларусі працягваецца ўжо 10 гадоў

Аляксандар Лапшын, фота з прыватнага архіву
Аляксандар Лапшын, фота з прыватнага архіву

На гэты раз блогер патрабаваў ад уладаў Армэніі выключыць яго зь спісу асобаў, якіх трэба затрымліваць пры ўезьдзе ў краіну, бо яны ў вышуку ў Беларусі. Пастанова суду стала нечаканасьцю і для самаго блогера, і для яго адваката.

«Зараз пры кожным уезьдзе ў Армэнію будзе затрыманьне і дастаўка ў паліцыю, — расказаў 8 лютага ў размове з Свабодай блогер Аляксандар Лапшын. — І далей яны будуць вырашаць, экстрадаваць мяне ў Беларусь ці не. Адвакат быў у шоку ад такога рашэньня. Ніхто такога не чакаў. Гэта ж прызнаньне супрацоўніцтва з Лукашэнкам. Гэта паказвае, наколькі беларусы ў Армэніі ў небясьпецы. Я ўжо скасаваў паездку ў Ерэван у сакавіку з прычын бясьпекі».

Такім эмацыйным чынам Аляксандар Лапшын камэнтуе рашэньне судзьдзі Армянскага адміністрацыйнага суду Ліліт Садаян, аб якім ён даведаўся 6 лютага. Яно пакуль апошняе ў дзесяцігадовай гісторыі супрацьстаяньня Лапшына і ўладаў Беларусі.

Затрыманьне ў аэрапорце

2 траўня ў аэрапорце сталіцы Армэніі Ерэвану мясцовыя памежнікі паведамілі грамадзяніну Ізраілю, блогеру Аляксандру Лапшыну, што ён затрыманы на просьбу ўладаў Беларусі і мусіць паехаць у пастарунак паліцыі.

«Прыляцеў — і мяне зноў затрымалі, правёў у аэрапорце дзьве гадзіны, — расказваў тады Лапшын у размове з Свабодай. — Сказалі, зноў на запыт Беларусі. Яны як робяць — крыху мяняюць абвінавачаньне. Дадаюць нейкі артыкул, я нават ня ведаю які. Мінулым разам было сем артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі, цяпер стала восем. І гэта, атрымліваецца, ужо іншы запыт. Дзьве гадзіны прасядзеў, пасьля вызвалілі. Але гэта юрыдычны тэрарызм, менавіта гэтым займаюцца ўлады Беларусі».

Складаныя ўзаемаадносіны з афіцыйным Менскам пачаліся ў Аляксандра ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі. Прычынаю стала крымінальная справа, заведзеная на Лапшына ў Азэрбайджане за наведваньне тэрыторыі Нагорнага Карабаху, якую на той момант Баку не кантраляваў. І хоць вызваліць Лапшына прасілі і ў Маскве, і ў Ізраілі, Менск перадаў блогера ў Азэрбайджан. Там Лапшына асудзілі на тры гады, а ў верасьні 2017 блогера асабіста памілаваў Ільхам Аліеў, дазволіўшы выехаць у Ізраіль.

Аляксандар Лапшын на судзе ў Менску, 2017 год
Аляксандар Лапшын на судзе ў Менску, 2017 год

Пасьля вызваленьня Аляксандар Лапшын падаў на дзеяньні ўладаў Беларусі скаргу ў ААН, дзе парушэньне яго правоў прызналі, а пра дзеяньні беларускіх уладаў і Аляксандра Лукашэнкі асабіста ён пісаў і гаварыў усё, што думае. Вылілася гэта ў новыя праблемы. Першы раз на запыт уладаў Беларусі ў Армэніі Лапшына затрымалі ў верасьні 2024 году. Тады яму паведамілі, што Менск яго абвінавачвае паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, і адпусьцілі праз чатыры гадзіны. Генэральная пракуратура Армэніі афіцыйна адмовіла Беларусі ў выдачы Лапшына.

Пасьля таго выпадку Аляксандар Лапшын быў у Армэніі яшчэ некалькі разоў, прыяжджаў і выяжджаў без праблемаў. Да траўня 2025-га, калі пасьля чарговага затрыманьня ў аэрапорце Аляксандар вырашыў выключыць сваё імя зь «беларускага злачыннага сьпісу», падаўшы пазоў у армянскі суд.

«Расчараваньне году»

Працэс цягнуўся да пачатку лютага 2026 году. Яго вынік, як напісаў сам Аляксандар Лапшын у сваім фэйсбуку, стаў для блогера «расчараваньнем году». Армянскі суд прызнаў, што абвінавачаньні Беларусі ў адрас Аляксандра Лапшына супярэчаць армянскім юрыдычным нормам, але спыніць затрыманьні блогера падчас візытаў у Армэнію немагчыма. А сам Лапшын можа гэта зрабіць, калі зьвернецца з прэтэнзіямі наўпрост да ўладаў Беларусі.

«Такога рашэньня не павінна было быць, — тлумачыць у размове з Свабодай адвакат Аляксандра Лапшына Ваагн Гаспар’ян. — На маю асабістую думку, у суддзі не хапіла дастаткова духу, каб вынесьці правільнае рашэньне».

Адвакат Лапшына дадае, што так званую «галачку вышуку» насупраць прозьвішча Аляксандра Лапшына ў армянскіх базах можна было здымаць на падставе рашэньня Генэральнай пракуратуры Армэніі, не чакаючы, пакуль тое самае зробяць улады Беларусі. Пракуратура ўжо двойчы прызнавала, што Лапшына нельга экстрадаваць у Беларусь. Аднак суд вырашыў іначай.

«Мы будзем зараз падаваць апэляцыю, — кажа Ваагн Гаспар’ян. — Але нашыя апэляцыйныя суды загружаныя, у іх вельмі шмат справаў. Таму разгляд можа зацягнуцца, рашэньне могуць агучыць цягам году».

Сам Аляксандар Лапшын гаворыць, што, акрамя апэляцыі ў армянскія суды, ён гатовы пайсьці і ў Эўрапейскі суд у правах чалавека ў Страсбургу. У 2021 годзе ён там ужо выйграваў справу супраць ўладаў Азэрбайджану, якія абвінавачваў у незаконным арышце.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG